Праваабаронцы расказалі пра атаку на сваякоў палітвязняў

Новыя рэпрэсіі супраць беларусаў

Новыя рэпрэсіі супраць беларусаў / shutterstock / Fanni_2021

У Варшаве прайшла вялікая прэс-канферэнцыя па тэме палітвязняў і дапамогі іх сем'ям.

Прававую ацэнку сітуацыі далі эксперты праваабарончага цэнтра "Вясна", фонды BYSOL і BYHELP, фонд "Краіна для Жыцця", а таксама ініцыятывы Dissidentby і грамадская арганізацыя "Хрысціянская візія".

Эксперты падзяліліся сваім бачаннем сітуацыі і расказалі, як пераследвалі сваякоў палітвязняў, якія атрымлівалі прадуктовую дапамогу ад ініцыятывы INeedHelpBY.

Прадстаўніца "Вясны" Яна Галаган расказала, што падчас рэйдаў, арганізаваных сілавікамі 23 студзеня, пацярпелі як мінімум 229 чалавек, з іх супраць 24 чалавек распачалі крымінальныя справы, звязаныя з садзейнічаннем і фінансаваннем экстрэмісцкай дзейнасці альбо экстрэмісцкага фармавання. Акрамя гэтага, мінімум 43 чалавек асудзілі па адміністрацыйных артыкулах.

— Тут важна адзначыць, што ва ўладаў з'явілася новая практыка — суды па артыкуле аб выкарыстанні замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення тэрарыстычнай або экстрэмісцкай дзейнасці. Па гэтым артыкуле былі асуджаныя не ўсе 43 чалавекі, а толькі частка з іх. Такіх людзей можа быць нашмат больш, паколькі ў праваабаронцаў няма ўсіх звестак пра такія выпадкі.

Галаган расказала, што затрыманых утрымлівалі ў жудасных умовах, ужывалі супраць іх маральны і фізічны ціск.

Сузаснавальнік фонду салідарнасці BYSOL Андрэй Стрыжак паведаміў, што падчас студзеньскіх рэйдаў сілавікоў колькасць людзей, якія выказалі жаданне як мага хутчэй пакінуць краіну, вырасла ў тры разы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі