Больш за 280 тысяч беларусаў атрымалі летась першыя ВНЖ у ЕС
Польскі від на жыхарства, ілюстрацыйнае фота
Беларусы займаюць другое месца па колькасці выдадзеных летась відаў на жыхарства ў ЕС. Гэта вынікае з дадзеных, якія апублікаваў Еўрастат. Дазвол на пражыванне ў краінах Еўрасаюза ў 2023 годзе атрымалі 281 279 беларусаў. Больш ВНЖ выдалі толькі ўкраінцам (307 313). На трэцім месцы — грамадзяне Індыі (207 966 ВНЖ). Адзначым, што гаворка ідзе пра першасныя ВНЖ.
Больш за палову з выдадзеных дазволаў на жыхарства (52,3%) беларусам падалі на падставе працы, па 2,6% — для атрымання адукацыі і ўз'яднання сям'і і 42,5% — па іншых прычынах (у тым ліку ў рамках міжнароднай абароны).
Адзначым, што колькасць першых відаў на жыхарства, атрыманых беларусамі летась, крыху знізілася. У 2022-м нашы суграмадзяне атрымалі ў ЕС крыху больш за 300 тысяч ВНЖ. Але гэта ўсё яшчэ адчувальна больш, чым было ў 2021 годзе. Тады беларусам выдалі каля 150 тысяч першых ВНЖ.
Усяго, паводле дадзеных Еўрастата, замежнікі ў 2023 годзе атрымалі больш за 3,7 мільёна першых відаў на жыхарства.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.