Брытанская разведка: у Беларусі знаходзіцца менш за тысячу "вагнераўцаў"
Найміты ПВК "Вагнер" / 24канал
На дадзены момант у Беларусі знаходзіцца менш за 1000 расійскіх наймітаў з ПВК "Вагнер", іх выкарыстоўваюць у якасці інструктараў, піша Мінабароны Вялікабрытаніі.
"Вагнер" амаль дакладна дапамагае навучаць беларускіх вайскоўцаў і сілавікоў", —адзначаецца ў свежым аглядзе міністэрства.
Брытанскія вайсковыя эксперты лічаць малаверагодным, што Аляксандр Лукашэнка захоча павялічыць колькасць баевікоў на тэрыторыі краіны і зрабіць іх часткай сваіх сілавых структур альбо адправіць ахоўваць мяжу.
"Прысутнасць "вагнераўцаў", якая працягваецца ў Беларусі, амаль напэўна гуляе на руку Расіі ў вядзенні баявых дзеянняў, паколькі гэта прымушае Украіну падтрымліваць абарончыя пазіцыі і пакідаць асабовы склад на мяжы з Беларуссю", — дадаюць эксперты.
Найміты ПВК "Вагнер" прыбылі ў Беларусь у сярэдзіне лета, пасля так званага бунту іх кіраўніка Яўгена Прыгожына, які 23 чэрвеня разам са сваімі баевікамі пайшоў "маршам справядлівасці" на Маскву. На наступны дзень Аляксандр Лукашэнка нібыта пераканаў Прыгожына спыніць паход і запрасіў яго і ПВК "Вагнер" у Беларусь.
Па інфармацыі экспертаў, у сярэдзіне лета ў Беларусі магло знаходзіцца 8000 вагнераўцаў. Пасля смерці Прыгожына большасць з іх пакінула Беларусь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.