Былы палітвязень расказаў пра фінал гісторыі кахання з супрацоўніцай "хіміі"

Дзмітрый Абрамук / Фота з асабістага архіва Дзмітрыя Абрамука

Дзмітрый Абрамук / Фота з асабістага архіва Дзмітрыя Абрамука

Былы палітвязень з Брэста Дзмітрый Абрамук расказаў "Зеркалу", чым скончылася гісторыя кахання з супрацоўніцай папраўчай установы. Абрамука адправілі на "хімію" пад Віцебск (у ПУАТ № 9) за ўдзел у пратэстах і "абразу Аляксандра Лукашэнкі". Там ён закахаўся ў начальніцу спецаддзела, якая вучылася ў Акадэміі МУС, зрабіў прапанову. Яны думалі пра вяселле.

Пасля палітвязня накіравалі ў наваполацкую калонію. Ён вызваліўся ў красавіку 2023-га і неўзабаве з'ехаў за мяжу. Тым часам нявеста звольнілася і пераехала ў Ізраіль. Ехаць у Еўропу яна адмовілася (у яе ёсць дзіця), і ў канцы ліпеня былы палітвязень нарэшце прыляцеў у Ізраіль. Былі планы пераехаць туды. Аднак на Абрамука ў Беларусі распачалі новую крымінальную справу.  

"А ў такім выпадку вельмі складана легалізавацца ў Ізраілі, у іх жа добрыя стасункі з Лукашэнкам, — расказвае Дзмітрый Абрамук. — Мы даведваліся ўсё гэта ў мясцовых юрыстаў. Аказалася, што нават калі б я легалізаваўся на падставе шлюбу, спатрэбілася б даведка аб несудзімасці. А самі разумееце, што там будзе напісана. Таму шанцы былі невысокія... Ну і пасварыліся..., нагаварылі адзін аднаму ўсякія гадасці, хоць мы абодва так дакладна не думаем. У выніку яна мяне ўсюды заблакавала".

Абрамук кажа, што ўжо змірыўся з сітуацыяй. Ён збіраецца легалізавацца ў Польшчы.

"У нас абодвух паехаў дах ад таго, што занадта шмат гемарою, — працягвае свой аповед мужчына. — Па яе словах, мы разышліся назаўжды. Хоць я быў гатовы ляцець у Ізраіль, нават нягледзячы на магчымую дэпартацыю. Я кахаю гэтага чалавека і буду кахаць вельмі доўга, напэўна. Але атрымалася вось так. І на днях я вырашыў паставіць кропку. Напісаў развітальную эсэмэску. На што яна адказала, што шчаслівая і спадзяецца, што ў мяне таксама ўсё будзе добра... Увогуле, дзякуй Лукашэнку за наш разрыў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі