Чаму донарства ў Беларусі мусіць стаць бясплатным, як у Польшчы

Чаму донарства ў Беларусі мусіць стаць бясплатным, як у Польшчы

Што рабіць, калі тэрмінова спатрэбіліся грошы? Можна пайсці ў банк па крэдыт, а можна зарабіць на крыві. Сваёй. Інакш кажучы, стаць донарам. Бо ў Беларусі за гэта плацяць нядрэнныя грошы: за 450 мілілітраў крыві вы атрымліваеце 92 рублі 96 капеек і рэстаранны абед коштам 20 рублёў.

 

Але ці этычна браць грошы за сваю кроў?

Да прыкладу, у Польшчы донар за паўлітра сваёй крыві атрымлівае кубак кавы, печыва і… восем шакаладак. Але адсутнасць грашовых выплат не спыняе патэнцыйных донараў, распавядае журналіст "Белсату" Яраслаў Сцешык, беларус, які ўжо не першы год жыве ў Варшаве. У Беларусі, нягледзячы на жаданне зрабіць добрую справу “і крыху падзарабіць”, стаць донарам у яго так і не атрымалася ― то мінскай прапіскі не было, то яшчэ нешта замінала. Затое лёгка атрымалася па той бок заходняй мяжы.

“Проста я ведаю, што кроў ― гэта тое, што трэба людзям у цяжкай сітуацыі, і што крыві медыкам заўжды не хапае. Іншай зацікаўленасці не было, бо ўсё матэрыяльнае заахвочванне донараў тут ― вафля, кубак кавы з аўтамата і восем шакаладак. Калі пастаянна здаваць кроў, дык можна стаць ганаровым донарам, але мне да гэтага яшчэ так далёка, што я нават не цікавіўся тым, што тады атрымаю. Здаецца, ёсць нейкія льготы на праезд у грамадскім транспарце, можа, яшчэ нешта… Цяпер я раблю гэта проста, каб зрабіць добрую справу і паказаць іншым, што гэта не страшна, што гэта абсалютна нармальная рэч”, ― кажа Яраслаў.

Чаму донарства ў Беларусі мусіць стаць бясплатным, як у Польшчы
Яраслаў Сцешык здае кроў, фота са старонкі Сцешыка ў Фэйсбуку

Тарас Тарналіцкі здае кроў у Мінску. Не першы год і таксама найперш з жаданнем дапамагчы. Але і ад грошай не адмаўляецца:

“Медыкі ўвесь час прапануюць: можа, гэтым разам здадзіце бясплатна? Але асабіста я заўжды здаваў за грошы ― такая ў мяне пазіцыя. Калі б гэта было звязана з нейкай трагедыяй ці катаклізмам, калі б тэрмінова патрабавалася кроў, дык я, безумоўна, здаў бы яе бясплатна. А так, я прытрымліваюся пераканання, што калі я здаю сваю кроў, дык мушу атрымаць за гэта нейкая ўзнагароджанне”.

 

Хочаце здаць кроў у Беларусі? Спачатку зрабіце флюараграфію!

Неэтычна, а можа, нават і амаральна браць грошы за кроў, скажа нехта. А калі лічыць гэта платай за тыя фармальнасці, якія беларус мусіць прайсці, перш чым стаць донарам на радзіме?

У Польшчы, як і ў шмат якіх іншых краінах свету, здаць кроў проста, распавядае Яраслаў Сцешык. На вуліцы часта можна сустрэць адмысловыя аўтобусы ― такія пункты па зборы крыві на колах. Там цябе папросяць запоўніць анкету, возьмуць кроў на аналіз, і тут жа “высмакчуць” донарскія паўлітра. Дадуць каву з шакаладкамі, скажуць дзякуй і развітаюцца. А як у нас?

“Вам трэба спачатку пайсці ў паліклініку, здаць кроў і мачу на аналізы, зрабіць флюараграфію, праверыцца на адсутнасць свежых татуіровак. У даўрачэбным кабінеце вам даюць выпіску і дазвол на тое, каб стаць донарам. Маючы гэтую выпіску-дазвол на руках, вы запісваецеся ў цэнтры здачы крыві. Там прызначаюць дзень, калі можна прыехаць і здаць кроў”, ― распавядае Тарас Тарналіцкі.

“Я займаўся рэкрутаваннем донараў вельмі актыўна, і магу сказаць, што пераканаць людзей стаць донарам лёгка ― людзі хочуць дапамагаць. Але як толькі размова заходзіць пра неабходнасць ісці ў паліклініку і там стаяць некалькі гадзін у чарзе, дык навошта гэта каму патрэбна! Людзі заходзяць у паліклініку, бачаць гэтыя чэргі і проста паварочваюцца і сыходзяць”, ― пагаджаецца загадчык аддзялення анестызіялогіі і рэанімацыі Гарадской дзіцячай інфекцыйнай клінічнай бальніцы Мінска Максім Ачарэтні.

Чаму донарства ў Беларусі мусіць стаць бясплатным, як у Польшчы
Максім Ачарэтні, фота са старонкі Максіма Ачарэтняга ў Фэйсбуку

Чаму донарства ў Беларусі мусіць стаць бясплатным, як і ў Польшчы

Тым не менш, цяпер у Беларусі больш за 96 тысяч донараў. Яны здаюць дастатковую для патрэб беларускай медыцыны колькасць крыві, заўважае дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансфузіалогіі і медыцынскіх біятэхналогій Фёдар Карпенка. Іншая справа, што ў медыкаў ёсць пытанні да гэтай “платнай” крыві. Якія?

Якасць “платнай” і “бясплатнай” крыві вельмі розная, тлумачыць Максім Ачарэтні:

“Калі патэнцыйны донар матывуецца грашыма, дык ён можа ўтойваць стан свайго здароўя. І адна з праблем у тым, што падчас пералівання крыві перадаюцца вірусы гепатыту і вірусы імунадэфіцыту чалавека ад донара да таго, што атрымлівае яго кроў. Але гэта адбываецца і ў еўрапейскіх краінах. Па статыстыцы, там колькасць перадачы віруса гепатыту ― адна на пяць тысяч пераліванняў крыві. І гэта пры нармальных лабараторыях, якія, на жаль, не могуць даць стоадсоткавую гарантыю, што кроў добрая”, ― кажа доктар-рэаніматолаг.

Менавіта гэта, а не жаданне ашчаджаць бюджэтныя сродкі, падштурхоўвае і беларускую медыцыну да таго, каб адмовіцца ад аплаты донараў. Цяпер, кажа Фёдар Карпенка, рыхтуюцца адпаведныя змены ў закон “Аб донарстве”. Пэўныя льготы для донараў захаваюцца. Але не грашовае заахвочванне.

 

Штодня ў Беларусі робіцца 1,5-2 тысячы пераліванняў крыві

“Плануецца захаваць вызваленне ад працы ў дзень здачы крыві з захаваннем сярэдняга заробку за кошт арганізацыі пералівання крыві. Плануецца захаваць харчаванне для донара перад і пасля данацыі. Таксама плануецца, што для бясплатных донараў будзе альбо паёк адмысловы, альбо грашовая выплата, якую можна будзе патраціць толькі на набор прадуктаў для ўзмоцненага харчавання, каб аднавіць энергетычныя затраты. Плануецца, што званнем “Ганаровы донар” будуць узнагароджваць толькі донараў, якія не будуць браць плату за кроў. Таксама плануецца, што бальнічны такім бясплатным донарам будзе аплачвацца на 100% з першага дня”, ― пералічвае перавагі бясплатнага донарства Фёдар Карпенка.

Па словах нашага суразмоўцы, не выключана, што донарства зробяць бясплатным ужо з 2020 года. Столькі часу спатрэбіцца на тое, каб распрацаваць праўкі ў закон “Аб донарстве” і правесці яго праз парламент. Значна больш часу спатрэбіцца на тое, кажа Фёдар Карпенка, каб змяніць свядомасць людзей, прывучыць іх да думкі, што быць донарам ― пачэсна. Няхай сабе і без грошай.

Ну, а калі свядомасць не зменіцца, і донары бясплатна здаваць кроў адмовяцца, дык “мы рызыкуем штодня страчваць 1,5-2 тысячы чалавек”. Менавіта столькі пераліванняў крыві беларускія лекары робяць штодня ― і столькі жыццяў ратуюць, дзякуючы донарскай крыві.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі