Чаргінец — пра экс-кіраўніка МУС Шуневіча: ён самаўпэўнены чалавек
Генерал-лейтэнант міліцыі, старшыня праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец адмоўна ацаніў дзейнасць Ігара Шуневіча на пасадзе міністра ўнутраных спраў. Пра гэта ён заявіў падчас інтэрв'ю "Нашай Ніве".
На думку Чаргінца, Шуневіч вельмі самаўпэўнены і не праявіў "галоўную і найлепшую для міліцыянта якасць — разуменне чалавека".
Ён удакладніў, што мае на ўвазе: "Шуневіч будзе падазраваць любога, каб толькі, прабачце, выпендрыцца, сябе паказаць. Міністр мусіць быць іншым, мусіць быць палітыкам адносна грамадзянскай супольнасці, ставіцца да людзей як да людзей".
Нагадаем, што ў чэрвені Ігар Шуневіч быў звольнены "ў сувязі з пагадненнем бакоў". Тады экс-міністр казаў, што сам падаў кіраўніку дзяржавы рапарт аб адстаўцы.
Па словах Чаргінца, у МУС адстаўка Шуневіча была ўспрынятая пазітыўна: "Ведаю, што большасць людзей у сістэме радавалася".