Чарговы завочны суд над супрацоўніцамі TUT.by пачынаецца ў Мінску

Мінскі гарадскі суд / Sputnik
4 лютага ў Мінскім гарадскім судзе пачынаецца завочны разгляд справы былых супрацоўніц партала TUT.by. Суд будзе закрытым.
Рэдактарцы Вользе Лойка, журналістцы Алене Талкачовай і юрысконсульту Кацярыне Ткачэнка выставілі абвінавачванне паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Іх вінавацяць у закліках да санкцый, распальванні варожасці, ухіленні ад падаткаў і грубым парушэнні парадку.
Суд над Лойка, Талкачовай і Ткачэнка мусіў пачацца ў ліпені 2024-га, але справу, верагодна, накіравалі на дапрацоўку.
Улады разграмілі найбуйнейшы недзяржаўны інтэрнэт-партал краіны TUT.by у траўні 2021 года — за асвятленне масавых пратэстаў. Па "справе TUT.by" былі затрыманыя 15 чалавек, але большасць з іх паступова адпусцілі. Абвінавачанымі засталіся пяцёра. Лойка, Талкачова і Ткачэнка правялі пад вартай больш за 10 месяцаў, а пасля выхаду з-за кратаў пакінулі Беларусь.
Галоўную рэдактарку партала Марыну Золатаву і гендырэктарку Людмілу Чэкіну 17 сакавіка 2023-га асудзілі на 12 гадоў пазбаўлення волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.