Чатыры гады таму быў затрыманы апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч
Чатыры гады таму быў затрыманы апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч. З таго часу ён за кратамі. Другі год ад яго няма вестак — палітвязень у ізаляцыі.
31 траўня 2020-га аўтамабілю, у якім Статкевіч ехаў разам з жонкай, прама на праезжай частцы вуліцы Маякоўскага ў Мінску перагарадзіў дарогу мікрааўтобус. Людзі ў цывільным вырвалі з машыны ключ запальвання і выцягнулі палітыка. Затрыманне трапіла на відэа.
Мікалаю Статкевічу 67 гадоў. Ён — падпалкоўнік запасу, былы кіраўнік Беларускага згуртавання вайскоўцаў, лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). Статкевіча затрымалі 31 траўня 2020-га (спачатку быў адміністрацыйны арышт, а пасля ўзнікла крымінальная справа), а асудзілі ў снежні 2021-га — на 14 гадоў зняволення за "арганізацыю масавых беспарадкаў" (праходзіў па адной справе з Сяргеем Ціханоўскім). З чэрвеня 2022 года палітвязень знаходзіцца ў калоніі № 13 у Глыбокім у вельмі цяжкіх умовах.
Супраць Мікалая Статкевіча могуць распачаць новую крымінальную справу за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.