Дапамога МВФ: можна траціць не на ўсё, а санкцыі не перашкаджаюць яе атрымаць
МВФ / Reuters
23 жніўня рашэнне МВФ аб размеркаванні краінам-удзельніцам падтрымкі на $650 млрд уступіла ў сілу. Адразу ўзнікла шмат пытанняў і спрэчак: як і на што Беларусь зможа выдаткаваць гэтую дапамогу, ці перашкодзяць санкцыі яе атрымліваць?
Еўрарадыё паразмаўляла з экспертамі і разабралася, што гэта за падтрымка і што з ёй можна зрабіць.
SDR — гэта не крэдыт, і вяртаць не прыйдзецца
Дапамога МВФ — гэта не крэдыт, а размеркаванне спецыяльных правоў пазычання (SDR). Гэта бязвыплатная падтрымка для краін-удзельніц у адпаведнасці з іх квотай у МВФ.
— Абгрунтаванне рашэння — многія краіны ў свеце ўразлівыя з пункту гледжання магчымасці абслугоўваць даўгі пасля пандэміі. Многія раздзьмулі бюджэты, у іх вырас дзярждоўг. У перспектыве нагрузка па абслугоўванні дзярждоўгу можа быць праблемай. Гэта пагроза глабальнай фінансавай стабільнасці.
А далей проста ўключаецца аўтаматычны працэс. МВФ зацвярджае агульную суму для ўсяго свету — 650 мільярдаў долараў. Наша доля роўная прыкладна 0,95 мільярда долараў, — тлумачыць старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук.
SDR — гэта не грошы. Гэтыя сродкі існуюць у выглядзе запісу на рахунку краіны ў МВФ. Іх яшчэ трэба канвертаваць у якую-небудзь валюту. Калі Беларусь хоча атрымаць іх у расійскіх рублях або ў доларах, трэба дамовіцца з цэнтрабанкам Расіі ці ЗША.
— Іх можна абменьваць, але звычайна SDR проста ляжаць у рэзервах, выступаючы своеасаблівай страхоўкай, дадатковай прыступкай трываласці для золатавалютных рэзерваў.
А як жа банкаўскія санкцыі?
Дзмітрый Крук падкрэслівае, што атрыманне SDR ніякага дачынення да санкцый не мае.
— Нацбанк проста ўлічвае SDR як частку рэзерваў. Іх можна назваць абавязацельствам фонду перад уладальнікамі SDR. Гэта значыць, разлікі паміж банкамі тут наогул ніякім чынам не маюць месца. Гэта наўпрост будзе адлюстравана ў балансе Нацыянальнага банка.
Іншае пытанне, што калі Беларусь захоча канвертаваць SDR у долары ЗША, то тут могуць узнікнуць цяжкасці. Затое ёсць цэнтрабанкі Расіі і Кітая.
Чаму Беларусь не патраціла SDR, атрыманыя ў 2009 годзе?
Размеркаванне SDR ужо адбывалася ў крызісным 2009 годзе. Тады Беларусь атрымала спецыяльных правоў пазычання амаль на $450 млн, але так і не патраціла іх.
— Пытанне аб тым, што іх трэба патраціць у побытавым разуменні, не стаіць. Яны не для гэтага прызначаны. Калі б нам прыйшлося выдаткаваць золатавалютныя рэзервы пад нуль, тады б зайшла гаворка пра выкарыстанне SDR. Рэальных угодаў з SDR вельмі-вельмі мала.
Іншымі словамі, SDR звычайна выкарыстоўваюць, калі нічога іншага не застаецца.
— Не думаю, што ў агляднай перспектыве, скажам, на працягу паўгода, імі паспрабуюць скарыстацца. SDR проста будуць адлюстраваныя ў балансе [Нацбанка. — Еўрарадыё], і гэта дасць большае поле для манеўру ў распараджэнні тымі больш ліквіднымі сродкамі, якія і так там ужо знаходзяцца, — працягвае Дзмітрый Крук.
Калі давядзецца перавесці ў наяўныя SDR, на што іх можна траціць?
Пасля таго як SDR мяняюцца на якую-небудзь валюту, грошы пераходзяць пад кіраўніцтва Нацбанка.
— У нас ёсць пэўная практыка, як выдаткоўваецца валюта з ЗВР. Усё-ткі ёй заробкі не плацяць, для кагосьці кватэры не будуюць. Гэтыя грошы выкарыстоўваюцца дэ-факта па двух напрамках.
Першы — гэта валютныя інтэрвенцыі, калі попыт на валюту перавышае прапанаванне і курс на валюту мае тэндэнцыю да моцнага росту.
Другое — гэта вяртанне знешніх валютных даўгоў, — кажа старшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб.
— Нацбанк наўпрост фінансаваць дэфіцыт бюджэту альбо расходы бюджэту не можа. Гэта можа адбывацца ўскосна, напрыклад, праз манетызацыю дэфіцыту бюджэту. Каб Нацбанк наўпрост аплаціў інвестыцыі ў дзяржсектар — не, гэтага не бывае. Па факце праз запуск інфляцыі, праз дадатковае змякчэнне палітыкі, так, гэтыя сродкі могуць быць задзейнічаныя, — рэзюмуе Дзмітрый Крук.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.