"Дата генератар": 25 лютага — дзень памяці Клаўдзія Дуж-Душэўскага (1891–1959)

"Дата генератар": 25 лютага — дзень памяці Клаўдзія Дуж-Душэўскага (1891–1959)

Гэты чалавек — адзін з многіх дзеячаў беларускага руху ў 1917–1939 гадах. Але найбольш ён вядомы як аўтар бел-чырвона-белага сцяга.

Сцяг ён намаляваў пад канец 1916 года, калі быў студэнтам Горнага інстытута ў Пецярбургу. У той час Душэўскі з’яўляўся сябрам навукова-літаратурнага гуртка беларускіх студэнтаў. Яны збіраліся на кватэры вядомага дзеяча беларускага культурніцкага руху Браніслава Эпімаха-Шыпілы і там чыталі свае рэфераты, абмяркоўвалі новыя кнігі ды артыкулы, марылі аб незалежнай Беларусі. Вось у рэчышчы такіх мар 25-гадовы Клаўдзій і намаляваў сцяг, якому даў назву “нацыянальнага”.

Некаторыя людзі кажуць, быццам такі сцяг ужо існаваў у часы Вялікага Княства. Аднак дзяржаўны сцяг ВКЛ быў чырвоны, меў два варыянты: з выявай Калюмнаў і з выявай Пагоні. А БЧБ — твор Душэўскага.

У 1514 годзе на полі бітвы пад Оршай некаторыя аддзелы ліцвінаў мелі на дзідах белыя трыкутныя прапары с прастакутным чырвоным крыжом. Яны добра бачныя на знакамітай карціне невядомага мастака XVI стагоддзя. Але гэта не БЧБ-сцяг, гэта нешта іншае. 

Што ж да паходжання Дуж-Душэўскага і яго жыццёвага шляху, дык вось галоўнае.

Нарадзіўся ў Глыбокім. Па матчынай лініі паходзіў са шляхты Полацкага павета. Прадзед загінуў у паўстанне 1831 года, дзеда як паўстанца павесілі царскія карнікі ў 1863-м. Бацька быў з сялян, зарабляў на жыццё будаўніцтвам дамоў і мастоў. 

Скончыў рэальнае вучылішча ў Вільні (1912), Горны інстытут у Пецярбургу (1918), універсітэт у Каўнасе (1927). Працаваў інжынерам-будаўніком. 

З лета 1918 года быў сябрам партыі эсэраў (БПС-Р). У 1919–1920 гадах у Вільні быў сябрам Беларускага народнага камітэта (старшыня Іван Луцкевіч), старшынёй Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гародзеншчыны, старшынёй Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, дзяржаўным сакратаром ва ўрадзе БНР на чале з Вацлавам Ластоўскім. 

На пачатку 1921 года быў арыштаваны польскімі ўладамі. Вызвалены праз месяц, ад’ехаў у Каўнас. Працаваў тамака ў Міністэрстве беларускіх спраў урада Летувы, быў адным з кіраўнікоў Беларускага нацыянальнага цэнтра, Літоўска-Беларускага таварыства. Выдаваў і рэдагаваў часопісы “Беларускі сцяг” (1922) і “Крывіч” (1923–1926). Перакладаў на беларускую мову падручнікі для беларускіх школ.

Арыштаваны савецкімі ўладамі 2 ліпеня 1940 года як беларускі нацыяналіст. У чэрвені 1941-га следчыя склалі абвінавачанне, але ў сувязі з вайной Душэўскага не паспелі асудзіць і адправіць у лагер. Пры немцах працаваў інжынерам на заводзе.

У жніўні 1943 года арыштаваны немцамі разам з жонкай за хаванне габрэяў і адпраўлены ў канцлагер у Правянішках. Але праз заступніцтва сяброў-літоўцаў у снежні быў вызвалены, пасля чаго ізноў працаваў інжынерам-будаўніком. 

У 1944–46 гадах быў дацэнтам Каўнаскага ўніверсітэта. У снежні 1946-га арыштаваны і адвезены ў Вільню. Аднак у траўні 1947-га справу спынілі “за недастатковасцю сабраных доказаў для перадачы ў суд”. Зноў арыштаваны ў лютым 1952-га і асуджаны на 25 гадоў зняволення як беларускі нацыяналіст.

Але праз тры гады і два месяцы (16 красавіка 1955 года) яго вызвалілі ў сувязі з дрэнным станам здароўя. Памёр і пахаваны ў Вільні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі