Дэфіцыт спецыялістаў беларуская ўлада хоча кампенсаваць за кошт мігрантаў з Азіі

Працоўныя мігранты

Працоўныя мігранты / eurasianet.org

Дэфіцыт кадраў у беларускай эканоміцы, выкліканы рэпрэсіямі і пагрозай расшырэння вайны, вымушае ўлады змяняць эміграцыйную палітыку. У Беларусь на працу ўсё часцей заклікаюць прыязджаць жыхароў з былой постсавецкай прасторы — і гэта тэндэнцыя будзе ўмацоўвацца.

Пра гэта ў эфіры “Еўрарадыё” распавяла Аліса Рыжычэнка, экспертка ў сферы дзяржаўнага кіравання і міжнароднага развіцця.

“Мы ўжо цягам трох гадоў бачым скарачэнне колькасці занятых у эканоміцы. Адчуваецца дэфіцыт работнікаў і рост колькасці вакансій, нават паводле афіцыйнай статыстыкі іх недзе 150 тысяч. І [улады] ужо прывозяць работнікаў з азіяцкіх краін. Гэта актуальна, гэта ёсць, і гэта нікуды не падзенецца”.

Але ў відавочнага вырашэння праблемы з дэфіцытам кадраў ёсць стратэгічныя праблемы. Першая з іх — гэта невысокія зарплаты і іншы менталітэт. 

“Я сабе слаба ўяўляю сітуацыю, што ў Беларусь завязуць 150 тысяч таджыкаў і ўзбекаў, якія зоймуць усе вакантныя месцы. Так, [гэта адбудзецца] у асноўным у прамысловасці, у нас там ёсць дэфіцыт кадраў. Але ў іншых сферах, дзе не такія прывабныя заробкі, вырашыць беспрацоўе будзе нашмат складаней за кошт эмігрантаў. Плюс [падымаецца] пытанне кваліфікацыі гэтых людзей. Калі ў іх ёсць прафесійны досвед, яны могуць размаўляць на рускай мове ці нават на англійскай мове, то чаму б ім не паехаць у іншую краіну? То-бок, Беларусь гэта не такі ўжо і рай для працоўных, каб казаць пра тое, што ва ўсіх азіяцкіх краінах толькі чакаюць і спадзяюцца, калі іх запросяць у Беларусь на працу. Не, так не здараецца. <...> Тут яшчэ вельмі вялікі сацыяльны фактар, таму што азіяцкія краіны ў большасці сваёй мусульманскія. Гэта зусім іншы менталітэт. І ўсё гэта можа проста прывесці да таго, што сацыяльная напружанасць будзе нарастаць”.

Магчыма, што гастарбайтэры будуць з часам пераязджаць з Беларусі ў Расію, бо там плацяць вышэйшыя заробкі.

“Асабліва, напрыклад, у сферы будаўніцтва. <...> Але, маючы ўжо досвед, папрацаваўшы ў Беларусі, яны зразумеюць, што трэба рухацца далей, у Расію, дзе [адчуваецца] таксама вялізны дэфіцыт кадраў на сённяшні дзень”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі