"Драздуны" і "шуняўкі". Слоўнік пратэстаў супраць "дэкрэта аб дармаедах"
Вулічныя пратэсты супраць дэкрэта №3 працягваюцца чацвёрты тыдзень. Першая акцыя прайшла 17 лютага ў Мінску, а як падзеі разгортваліся далей, вы можаце паглядзець на інтэрактыўнай мапе Еўрарадыё. Да кожнага "маршу недармаедаў" людзі падыходзяць крэатыўна: за няпоўны месяц пратэсты абраслі словамі, якія прыдумлялі як удзельнікі акцый, так і прадстаўнікі ўладаў.
Прапануем вам невялічкі слоўнічак.
Баста
Баста — слова з банераў, які пратэстоўцы 17 лютага пранеслі па Мінску. На адным з іх яшчэ быў намаляваны кулак. "У гэтай выяве няма нічога новага. Гэта сімвал найбольш драматычных падзеяў у найноўшай гісторыі. Дакладней, знак бяды", — адкаментавалі гэты банер аўтары прапагандысцкага фільма "Звонок другу" на беларускім тэлебачанні. "Баста!" азначае "даволі", "досыць". Свежы сінонім да вечнага беларускага "Сыходзь!".
Драздуны
Драздуны — слова з плаката, які людзі неслі на "маршы недармаедаў" у Бабруйску. Так мітынгоўцы назвалі жыхароў элітнага мінскага раёна "Дразды", які месціцца непадалёк ад аднайменнага вадасховішча. У 2000-я ў Драздах жыў Аляксандр Лукашэнка. Але з таго часу, як яго сын Мікалай пайшоў у школу, кіраўнік краіны больш часу праводзіць у іншай рэзідэнцыі — "Азёрны". А зямельныя надзелы ў Драздах атрымалі шматлікія чыноўнікі. У тым ліку, па некаторых звестках, у Драздах "будуецца" Марыяна Шчоткіна — колішняя міністр працы і сацыяльнай абароны, адна з аўтараў ідэі падатку на беспрацоўе.
Крафтавы пратэст
Крафтавы пратэст — актыўнасць карыстальнікаў "Фэйсбука" і іншых сацыяльных сетак, якія падтрымліваюць "маршы недармаедаў" лайкамі, але не выходзяць на вуліцы. Выраз іранічны, бо слова "крафтавы" (у арыгінале — зроблены рамеснікам, у больш шырокім значэнні — аўтарскі, выдадзены абмежаванай партыяй) цяпер ужо такое зацяганае, што амаль непрыстойнае. Але сёлета менавіта для "крафтавых пратэстоўцаў" робіцца вельмі шмат: напрыклад, ужо чатыры затрыманні адбыліся ў жывым эфіры ў ФБ:
Разынкі
Разынкі — найбольш актыўныя ўдзельнікі пратэстаў. Так іх сталі называць пасла выказвання Аляксандра Лукашэнкі: "Нам трэба, як разынкі з булкі, павыкалупваць гэтых правакатараў, і адказваць яны мусяць па ўсёй строгасці закона", — сказаў кіраўнік краіны міністру ўнутраных справаў Ігару Шуневічу. Людзі адразу адрэагавалі: назвалі пратэсты "разынкавай рэвалюцыяй", пачалі маляваць бела-разынкава-белыя сцягі. "Пачвара я дрыжачая ці разынка з булкі?" — запытаўся незалежны аналітык Сяргей Чалы. Нават не ведаем, што адказаць.
Шуняўкі
Шуняўкі — міліцыянты, пераапранутыя ў цывільнае адзенне. Яшчэ іх называюць ціхарамі. “Шуняўкі” маскіруюцца пад звычайных мінакоў, але іх лёгка пазнаць па стылі "спорт-шык" — курткі, джынсы, красоўкі (усё новае) — і разняволенай паходцы. У рэгіёнах яны апранутыя нашмат лепш асноўнай масы пратэстоўцаў. Сярод “шунявак” трапляюцца дзяўчаты — адна з іх удзельнічала ў затрыманні Змітра Дашкевіча, і гэта для "цёртага" змагара было вельмі неспадзявана. Таксама ціхары сёлета "круцілі" палітыкаў Анатоля Лабедзьку і Юрася Губарэвіча, блогера-"дармаеда" Максіма Філіповіча. “Шуняўкі” — вынаходніцтва не цяперашняга кіраўніка МУС Ігара Шуневіча, іх "прыдумалі" нашмат раней. Яны актыўна выхоплівалі пратэстоўцаў з натоўпу падчас "маўклівых акцыяў" яшчэ ў 2011 годзе. Але адмысловае слова для іх прыдумалі толькі цяпер.