Дзярждэп ЗША: Выбары ў расійскую Думу на тэрыторыі Крыма не прызнаюць
Дзярждэпартамент ЗША не прызнае вынікі выбараў у расійскі парламент на тэрыторыі анексаванага Крыма. Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік ведамства Джон Кірбі.
“ЗША не лічаць легітымнымі выбары ў расійскую Думу, якія плануюць правесці на тэрыторыі акупаванага Расіяй Крыма 18 верасня, і не прызнае іх вынікі”, — цытуе заяву Кірбі ВВС.
Пры гэтым у ведамстве нагадалі, што эканамічныя санкцыі супраць Расіі застануцца, пакуль паўвостраў не вернуць Украіне. Дзярждэп занепакоены сітуацыяй у Крыме, у тым ліку становішчам супольнасці крымскіх татар і паведамленнямі пра знікненні людзей і парушэнне правоў чалавека.
У пачатку верасня Вярхоўная Рада Украіны заклікала замежныя краіны не накіроўваць сваіх назіральнікаў на выбары ў расійскую Дзярждуму ў Крыме і не прызнаваць вынікі галасавання. Украінскія дэпутаты таксама папярэдзілі, што ў дачыненні ўсіх замежнікаў, якія прыедуць у Крым для назірання за выбарамі, ва Украіне будуць заведзеныя крымінальныя справы за парушэнне правілаў перасячэння мяжы.