Экс-кіраўнік МЗС Украіны: Лукашэнка разумее, што Расію чакае катастрофа
Лукашэнка разумее, што Расію чакае татальная катастрофа, таму ў сваім маналогу, прымеркаваным да Дня незалежнасці, ён дасылаў сігналы Захаду. Такую думку ў інтэрв'ю радыё "НВ" выказаў экс-кіраўнік МЗС Украіны Уладзімір Агрызка.
"Вы ведаеце, пры ўсіх гэтых яго "эківоках" у бок Масквы, што ў нас адзіная Саюзная дзяржава, што мы будзем аб'ядноўвацца, што ў нас няма таго, што нас раз'ядноўвае — гэта толькі адзін бок медаля. Але іншае ў тым, што ён разумее, што Расіі ў гэтай сітуацыі пагражае татальная катастрофа. Значыць, цалкам асацыяваць сябе з гэтай краінай, з яе рэжымам сабе даражэй. Такім чынам, трэба ўзгадваць такія рэчы, пра якія ён казаў падчас сваёй прамовы, успамінаць пра беларускую еўрапейскую гісторыю, успамінаць, што Беларусь калісьці была часткай Вялікага княства Літоўскага, што народ беларускі еўрапейскі, мае сваю культуру і мову", — каментуе выступ Лукашэнкі экс-міністр.
Па словах Агрызкі, такім чынам беларускі кіраўнік спрабуе "заігрываць" з Захадам на перспектыву.
"Тут ідзе пэўная гульня і пэўныя сігналы для Захаду, што ў нейкі момант, калі сітуацыя на ўсход ад Беларусі пяройдзе ў сапраўды катастрафічную — ён будзе гатовы гэтую ўсю гісторыю пра саюзніцкія адносіны хутка забыцца і пачаць разгортвацца ў бок Захаду, як ужо неаднаразова здаралася. Таму гэта гульня і раскладванне яек у розныя кошыкі, каб раптам, калі сітуацыя [у РФ — рэд.] будзе мяняцца, не апынуцца ў адной запрэжцы з тым, хто паедзе па прамой дарозе ў Гаагу", — перакананы Агрызка.
Падчас прамовы ў Дзень незалежнасці Лукашэнка заявіў, што даўно вызначыўся з удзелам Беларусі ў "спецаперацыі", што Беларусь не дазволіць нікому "страляць у спіну рускаму чалавеку", і што ў Беларусі з Расіяй "фактычна адна армія".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.