Экс-намеснік старшыні СБУ: У Беларусі стала працуе група ФСБ Расіі
У Беларусі на сталай аснове працуе група Федэральнай службы бяспекі Расіі. Гэтая група можа мець дачыненне да выкрадання замежных грамадзян. Пра гэта ў інтэрв'ю Радыё "Свабода" заявіў былы намеснік старшыні Службы бяспекі Украіны (сакавік 2014 — чэрвень 2015) Віктар Ягун.
Па яго словах, у групе ФСБ у Мінску працуе ад 30 да 40 чалавек, у тым ліку там ёсць і сілавая група. "Калі трэба праводзіць затрыманне, яны, як правіла, не ставяць да ведама беларускіх калег і праводзяць гэтыя мерапрыемствы самі", — цытуе "Свабода" словы ўкраінскага генерал-маёра запасу СБУ.
Таксама ён паведаміў, што Беларусь і Расія аб’ядналі камп'ютарную базу звестак пра перасячэнне зьнешніх межаў Саюзнай дзяржавы.
Як вядома, некалькі дзён таму украінец Павел Грыб паехаў з Кіева ў Гомель на сустрэчу з расійскай дзяўчынай і знік. Яго бацька, украінскі афіцэр запасу Ігар Грыб заявіў, што сына выкралі расійскія спецслужбы. Паводле звестак СМІ, цяпер хлопец знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Краснадары. Яго вінавацяць у датычнасці да тэракту.
Памежная служба Украіны афіцыйна пацвердзіла, што Павел Грыб перасякаў мяжу з Беларуссю.