Эмігрую зноў, але не праз Беларусь: з Мінска паляцела першая група бежанцаў
Іракскія ўцекачы ў аэрапорце / Еўрарадыё
З Мінска ў Ірак 10 жніўня вылецеў першы эвакуацыйны рэйс з бежанцамі. Еўрарадыё адправілася ў аэрапорт і пагутарыла з тымі, каму не ўдалося трапіць у Еўропу праз Беларусь.
"Грошы ў Беларусі трацілі на ежу і транспарт"
Ля стоек рэгістрацыі на рэйс "Мінск — Багдад" бачым вялікую чаргу людзей. У асноўным гэта маладыя мужчыны, але ёсць і жанчыны, дзеці і пажылыя людзі. Рэгістрацыяй на рэйс займаюцца адразу чатыры стойкі яшчэ за дзве гадзіны да вылету.
Спрабуем загаварыць з людзьмі ля стоек. Многія не гавораць па-англійску, таму завязаць размову складана. Усё ж знаходзім кампанію гаваркіх мужчын, якія ўжо прайшлі рэгістрацыю на рэйс.
Паколькі размаўляць давялося з дапамогай перакладчыка ў тэлефоне, многія моманты ўдакладніць не атрымліваецца. Да таго ж суразмоўцам відавочна больш хочацца расказаць пра цяжкае становішча ў Іраку і небяспеку, ад якой яны бягуць, чым пра тое, што яны перажылі ў Беларусі і на мяжы з Літвой.
— Я прадаў усё ў Іраку. Мы страцілі ўсё. У Іраку нам пагражаюць апалчэнцы. Майму бацьку і братам таксама пагражаюць. Я жыву ў небяспецы ў сваёй краіне і падвергнуўся спробе махлярства, — кажа адзін з мужчын. — Грошы ў Беларусі трацілі на ежу і транспарт. Тры разы плацілі за таксі, каб праехаць да мяжы.
— Мне здаецца, што яны плацілі ў Іраку. Кажуць, Лукашэнка дапамог ім з бязвізавым рэжымам, — адзначае калега.
"Буду эміграваць зноў, але не праз Беларусь"
У размове з Еўрарадыё ўцекачы хваляць Беларусь.
— Добрая краіна. Беларуская армія вельмі добрая. У Літве нас збілі, зламалі нашы тэлефоны і кінулі ў ваду, — распавядае бежанец і паказвае невялікую рану на назе.
— Калі я прыеду сваю краіну, я не затрымаюся там надоўга. Паспрабую зноў эміграваць, таму што маё знаходжанне там вельмі небяспечнае для мяне і маёй сям'і. Праз Беларусь больш не буду спрабаваць трапіць у Еўропу. Праз Турцыю, — кажа іншы мужчына і паказвае відэа з камер відэаназірання, дзе на кагосьці нападаюць. Кажа, што ў роліку ён, а відэа знятае ў Іраку.
У канцы гутаркі мігранты ўдакладняюць, ці сапраўды мы журналісты, і просяць расказаць пра іх праблемы.
— Нам патрэбны нехта, каб дапамагчы нам. Паспрабуйце, каб наш голас быў пачуты.
Падыходзім яшчэ да адной групы іракцаў, якая проста сядзіць на бетоне ля ўваходу ў аэрапорт. Яны не такія сур'ёзныя, як тыя, з якімі мы гутарылі раней. Кажуць, што Беларусь добрая краіна, а Літва — не.
Спрабуем даведацца, чаму тады яны не хочуць застацца тут.
— Віза заканчваецца. Хачу жонку з Беларусі, — смяюцца ўцекачы. Даведацца яшчэ нешта змястоўнае ў іх не ўдаецца.
Ля стоек мы заўважылі як мінімум трох чалавек у пінжаках, якія нешта тлумачаць іракскім гасцям. Яны кажуць, што з'яўляюцца прадстаўнікамі амбасады Ірака ў Расіі. Ад каментароў адмаўляюцца.
— Колькі яшчэ грамадзян Ірака, якія спрабавалі трапіць у Еўрасаюз праз Беларусь, засталіся тут? Як шмат заявак з просьбамі аб дапамозе атрымала місія амбасады? — настойваем мы.
— Вось мы эвакуюем цяпер, як бачыце. Ці будуць яшчэ рэйсы, залежыць ад людзей. Калі будуць, то мы забяром іх адсюль. Пакуль зваротаў няма. Місія працуе ў Беларусі ўжо чатыры дні, — заключае суразмоўца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.