Гэта каштуе 15 000 долараў — падрабязнасці пра беларускі шлях нелегалаў у Літву

Каля паловы затрыманых у Літве на мяжы з Беларуссю нелегальных мігрантаў — гэта грамадзяне Ірака / Reuters​
Каля паловы затрыманых у Літве на мяжы з Беларуссю нелегальных мігрантаў — гэта грамадзяне Ірака / Reuters​

Журналісты "Медиазоны" апублікавалі вялікае расследаванне, у якім паспрабавалі разабрацца, як арганізавана нелегальная міграцыя грамадзян Ірака ў ЕС праз Беларусь.

Нагадаем, сёлета рэзка ўзрос паток нелегальных мігрантаў з тэрыторыі Беларусі ў Літву. Літоўскія ўлады і чыноўнікі ЕС гавораць пра датычнасць беларускіх улад да арганізацыі гэтага патоку.

Адзін з журналістаў праекта прадставіўся чалавекам, які хоча бегчы ў Еўропу, і пагутарыў з некалькімі праваднікамі.

"У размовах праваднікі пераконваюць, што шлях у Еўропу праз Беларусь — легальны, бо падарожнікам выдаюць турыстычныя візы. Візы і квіткі забяспечвае сетка іракскіх і беларускіх тураператараў", — піша выданне.

Кантрабандысты забяспечваюць сваім кліентам беларускую візу, білеты на самалёт да Мінска, аплачваюць гасцініцу да перавозкі да мяжы з Літвой. Кошт паслугі — ад 10 да 15 тысяч долараў. 

"Беларускі тураператар сустрэне цябе ў аэрапорце. Ты спынішся ў гасцініцы, і я прыеду і адвязу цябе да мяжы", — абяцаў журналісту-кліенту правадыр.

Выданне таксама прыводзіць словы ўладальніка іракскага тураператара Меера Сахебрана. Ён нагадвае, што магчымасць атрымаць турыстычную візу ў Беларусь з'явілася ўсяго тры ці чатыры месяцы таму, кажа, што візы даюць лёгка, але папярэджвае пра заклад у 3000 долараў.  Гэтыя грошы павінен унесці кожны, хто едзе ў Беларусь. Калі чалавек не вяртаецца ў Ірак, заклад выплачваюць Беларусі.

"Гэта як штраф. Ты плаціш грошы кампаніі, якая арганізавала турыстычную групу", — тлумачыць Сахебран.

Праз вялікі паток нелегальных мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у Літву з тэрыторыі Беларусі, літоўскі ўрад абвясціў у краіне надзвычайнае становішча, на мяжы пачалі будаваць загароду з калючага дроту. З больш чым 1700 затрыманых з пачатку года на гэтым участку мяжы нелегальных мігрантаў каля паловы — грамадзяне Ірака.

На гэтым фоне ў ЕС заявілі, што дапускаюць увядзенне новых санкцый супраць Беларусі ў адказ на міграцыйны крызіс, арганізаваны на літоўскай мяжы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі