Фактчэкінг паслання: колькасць чыноўнікаў, мацярынская смяротнасць, уцекачы

Фактчэкінг паслання: колькасць чыноўнікаў, мацярынская смяротнасць, уцекачы

Мацярынскай смяротнасці няма, чыноўнікаў у Беларусі менш, чым дзе ў свеце, “мора” ўкраінскіх перасяленцаў — Еўрарадыё правярае словы кіраўніка краіны, сказаныя 21 красавіка ў традыцыйным пасланні да парламента і народа.

“Няма такой краіны, дзе менш дзяржслужачых”

ШТО СКАЗАЎ ЛУКАШЭНКА?

"Дзяржаўных служачых павінна быць столькі, колькі трэба. Не многа. Мы ўжо на першым месцы, у добрым сэнсе слова, па колькасці дзяржслужачых на тысячу чалавек. Няма такой краіны, дзе менш дзяржслужачых на пэўную колькасць насельніцтва, чым у Беларусі".

ШТО НА САМОЙ СПРАВЕ

Колькасць чыноўнікаў сапраўды зніжаецца, прынамсі, так сцвярджае Белстат. У 2011 годзе ў Беларусі працавала больш за 56 тысяч дзяржслужачых, у 2013 — 49 тысяч. А яшчэ праз два гады на тысячу менш ― 48 тысяч. Можна парадавацца. Калі б не іншыя даследаванні. У рэйтынгу ўплывовага расійскага агенцтва РБК, па колькасці дзяржслужачых мы там на... другім месцы ў свеце пасля Егіпта. Расійскія эксперты лічыць, што ў Беларусі дзяржслужачых (у іх лік уключылі праваахоўнікаў, настаўнікаў, лекараў, працаўнікоў дзяржкампаній) ажно 43% ад агульнай колькасці працаздольнага насельніцтва (дадзеныя за 2014 год). Больш толькі ў Егіпце ― 63,4%. У Расіі ― 30,6%, у Польшчы ― 20,2%, у ЗША ― 14,4%.

 

“Чалавек можа звярнуцца не толькі на біржу працы, а ў органы ўлады"

ШТО СКАЗАЎ ЛУКАШЭНКА?

“У выканкамах створаныя камісіі па працаўладкаванні, у якія можа звярнуцца любы грамадзянін, і атрымаць садзейнічанне. Чалавек можа звярнуцца не толькі на біржу працы, а ў органы ўлады".

ШТО НА САМОЙ СПРАВЕ

Такія камісіі пры выканкамах сапраўды існуюць! Гэтыя камісіі прапануюць беспрацоўным вакансіі… якія ёсць у цэнтрах занятасці. У чым тады розніца? Вось што тлумачыць прадстаўніца камісіі па працаўладкаванні Вілейскага раёна Таццяна Цітуленка (яна ж супрацоўніца раённага цэнтра занятасці):

“Раней мы ўсе штодзень засядалі ў выканкаме, запрашалі людзей, і яны прыходзілі. Але цяпер ужо людзі не ідуць, таму мы вырашылі, каб дзесяць членаў камісіі не сядзелі штодзень, не чакалі без справы, накіроўваць усіх жадаючых да мяне. Я іх запісваю, але не тое, што стаўлю на ўлік у Цэнтр занятасці, а запісваю на прыём камісіі. І потым мы з гэтымі людзмі працуем. Але, каб вы разумелі, камісія гэта, ці цэнтр занятасці, усё роўна мы карыстаемся аднымі і тымі ж звесткамі пра існуючыя вакансіі”.

 

“Смяротнасць сярод немаўлятаў і мацярынская смяротнасць роўная нулю”

ШТО СКАЗАЎ ЛУКАШЭНКА?

"Сёння з Расіі прыязджаюць у Віцебск нараджаць. Я не кажу пра Мінск. Прыязджаюць — маюць давер. Вось да чаго прывяла смяротнасць сярод немаўлятаў і мацярынская смяротнасць, якая ў нас роўная нулю".

ШТО НА САМОЙ СПРАВЕ

Сапраўды былі гады, калі мацярынская смяротнасць у Беларусі раўнялася нулю. Так было, напрыклад, у 2013 і 2015 гадах. Але не летась. У 2016 годзе мацярынская смяротнасць у Беларусі склала два чалавекі. У 2010, 2011, 2012 і 2014 гадах было па адным выпадку мацярынскай смяротнасці.

Яшчэ адзін важны паказчык, смяротнасць сярод немаўлятаў. Дык вось, у 2016 годзе ў Беларусі памерлі 373 немаўляты. Гэта больш, чым годам раней (352). У сусветным рэйтынгу Беларусь недзе ў топ-20, што добры паказчык.

 

“Прынялі ў сябе больш за 160 тысяч украінскіх перасяленцаў”

ШТО СКАЗАЎ ЛУКАШЭНКА?

“Украіна не проста наш сусед. Гэта братэрская нам краіна, братэрскі народ. Мы прынялі ў сябе больш за 160 тысяч перасяленцаў”.

ШТО НА САМОЙ СПРАВЕ

Гэтую лічбу ў 160 тысяч упершыню агучвае прадстаўнік Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў у Беларусі Жан Іў Бушардзі. Дакладна такую ж лічбу называе начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС РБ Аляксей Бягун. Па яго інфармацыі, каля 160 тысяч грамадзян Украіны прыехала ў Беларусь цягам 2014-2015 гадоў. Але ў Беларусі ўсе не засталіся. “…яны катаюцца: нехта прыязджае, нехта з’язджае. Мы лічым толькі новых, а тыя, хто ўжо тут асеў ― той асеў”, ― тлумачыць Еўрарадыё Аляксей Бягун. Паводле дадзеных Белстата, за 2014 і 2015 гады з Украіны ў Беларусь прыехалі 16 882 чалавекі. У 2016 годзе яшчэ 4 тысячы. То бок агулам 21 тысяча уцекачоў з Украіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі