Федэрацыяй шахмат будзе кіраваць Сычук з "Белавія", былы ахоўнік Лукашэнкі
Беларускай федэрацыяй шахмат будзе кіраваць Сяргей Сычук з "Белавія", дзе ён працуе начальнікам аддзела кадраў. Пра гэта стала вядома 30 лістапада на пазачарговай выбарчай канферэнцыі. Яна прайшла ў штаб-кватэры нацыянальнага алімпійскага камітэта, прысутнічаў кіраўнік НАК Віктар Лукашэнка. Таксама быў міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук. Прысутнічалі 20 дэлегатаў.
З 2017-га федэрацыяй кіравала Анастасія Сарокіна. Летась яна была адной з падпісантак ліста спартсменаў супраць гвалту сілавікоў і за новыя выбары ў Беларусі. У пачатку чэрвеня 2021-га стала вядома, што Сарокіна пакінула пасаду кіраўніцы Беларускай федэрацыі шахмат і з'ехала за мяжу. На сайце НАК адзначаецца, што яе адхілілі ад пасады 14 ліпеня, а абавязкі старшыні выконваў першы намеснік Аляксандр Шамко.
На прэзідэнцкіх выбарах 2020 года Сычук у складзе групы прадстаўнікоў "Белавія" працаваў у адной з участковых выбарчых камісій у сталіцы. Ва ўладаў да яго працы заўвагаў не было, інакш малаверагодна, каб ён заняў пасаду старшыні федэрацыі шахмат. Да таго ж Сяргей Сычук — палкоўнік, служыў у Службе бяспекі Аляксандра Лукашэнкі. Цікава, што нейкі Сычук уваходзіў ці ўваходзіць у склад кіраўніцтва Беларускай федэрацыі паруснага спорту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.