Фонд спартовай салідарнасці пытаецца ў ІІХФ аб расследаванні супраць Баскава
Беларускі фонд спартовай салідарнасці (БФСС) накіраваў у Міжнародную федэрацыю хакея на лёдзе (ІІХФ) афіцыйны запыт наконт расследавання супраць старшыні Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыя Баскава. БФСС падазрае спартовага функцыянера ў датычнасці да забойства Рамана Бандарэнкі.
Таксама БФСС звярнуўся да больш як 30 нацыянальных хакейных федэрацый з прапановай спытацца ў ІІХФ наконт расследавання супраць Баскава.
БФСС адзначае, што афіцыйнай расследаванне супраць Баскава пачалося больш за два месяцы таму, але ніякай інфармацыі пра яго вынікі няма. Таму БФСС сумняецца, што расследаванне праходзіць належным чынам.
"Раней фонд ужо падаў некалькі запытаў у федэрацыю, прадаставіў шматлікія матэрыялы, якія сведчаць пра магчымую датычнасць Дз. Баскава да рэзананснага забойства. Акрамя журналісцкіх публікацый дачыненне Дз. Баскава да злачынства пацвярджаюць вынікі незалежнага расследавання, праведзенага ініцыятывай [былых сілавікоў], якая прадставіла больш як 50-старонкавае заключэнне па гэтай справе", — гаворыцца ў паведамленні для прэсы.
фонд звяртае ўвагу, што падчас расследавання кіраўнік ІІХФ Рэнэ Фазэль наведваў Меінск з афіцыйным візітам і рабіў сэлфі з Баскавым.
У сувязі з абгрунтаванымі падазрэннямі супраць Баскава Латвія забараніла яму ўезд на сваю тэрыторыю. Беларусь і Латвія мусілі разам правесці чэмпіянат свету па хакеі 2021 года. Аднак афіцыйны Мінск быў пазбаўлены гэтага права, і Рыга правязе яго самастойна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.