Фёдараў: “Мядзведзеў папярэджвае Лукашэнку, пра што будуць гаварыць”

Дырэктар фонда “Цэнтр палітычных даследаванняў “Кансалтынг”, былы намеснік міністра замежных спраў Расіі Андрэй Фёдараў расказаў Еўрарадыё, чаму выказванні Мядзведзева і “Хросны бацька-3” не адменяць візіта Лукашэнкі ў Маскву, калі яго чакаць і ці не перасячэцца ён там з беларускімі апазіцыянерамі. Еўрарадыё: "Тыдзень таму вы выказалі ўпэўненасць у тым, што цягам бліжэйшых двух-трох тыдняў кіраўнік Беларусі наведае Маскву і разам з прэзідэнтам Расіі яны вырашаць усе набалелыя пытанні. Але з таго часу стала вядома, што фільм “Хросны бацька-3” НТВ пакажа ў сярэдзіне жніўня. А сёння Дзмітрый Мядзведзеў абвінаваціў Лукашэнку ў невыкананні абавязальніцтваў па прызнанні Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Гэтыя падзеі не памянялі вашыя прагнозы наконт візіту Лукашэнкі ў Маскву?"

Андрэй Фёдараў: "Не, мой прагноз не змяніўся. Я мяркую, што абодва бакі зацікаўленыя ў тым, каб сустрэцца і паразумецца паміж сабой. І зняць тыя рознагалоссі, якія ёсць на сённяшні дзень. Апроч таго, цалкам зразумела, што такая тэма, як тэма прызнання Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, будзе ў парадку дня — калі прэзідэнты сустрэнуцца і будуць абмяркоўваць свае пытанні. Гэта тэма проста вельмі балючая для Расіі. І не ў інтарэсах Расіі яе замоўчваць. Пакуль што справа з прызнаннем дзвюх гэтых краін рухаецца вельмі павольна. Канечне, ніякай паспешлівасці няма, але для Масквы аб’ектыўна было б пазітыўным, калі б гэты працэс меў хоць нейкае развіццё".

Еўрарадыё: "Але такая заява напярэдадні сустрэчы двух прэзідэнтаў можа гэтую сустрэчу сарваць?"

Андрэй Фёдараў: "Ні ў якім разе! Гэта тэма вядомая, яна ёсць у парадку дня. Як і тэма газавага канфлікта. Зараз сітуацыя, калі не трэба палохаць адзін аднаго, а трэба паглядзець: што ў нас ёсць пазітыўнага ў адносінах Беларусі і Расіі, а што ў нашых адносінах ёсць негатыўнага ў парадку дня. На жаль, пытанне Паўднёвай Асеціі і Абхазіі знаходзіцца ў раздзеле “негатыўны парадак дня”. Але трэба разумець, што пры ўсіх нашых брацкіх адносінах вострая размова непазбежная. Ёсць шэраг вострых пытанняў, па якіх трэба знаходзіць паразуменне зараз, а не зацягваць справу да снежня-студзеня".



Еўрарадыё: "Выказванне Мядзведзева — інфармацыйны закід, каб папярэдзіць Мінск пра тое, аб чым будзе весціся размова?"

Андрэй Фёдараў: "Гэта не столькі інфармацыйны закід, колькі дэманстрацыя пазіцыі і таго, што гэтая тэма не забытая, што яна будзе ўзнятая. Гэта нармальная палітычная практыка".

Еўрарадыё: "І ўсё ж — як хутка, паводле вашых прагнозаў, адбудзецца візіт Лукашэнкі ў Маскву?"

Андрэй Фёдараў: "Дастаткова хутка. Асабіста я думаю, што калі гэтая сустрэча адбудзецца, то яна будзе пазітыўнай па сваіх выніках. Бо шмат якія рэчы здараюцца з-за таго, што няма наўпроставага і пастаяннага дыялога, а СМІ часта ставяць палкі ў колы нават тады, калі гэтага не трэба".

Еўрарадыё: "Чаму да гэтага часу няма ніякай інфармацыі пра падрыхтоўку візіта беларускага прэзідэнта да свайго расійскага калегі?"

Андрэй Фёдараў: "Гэта можа быць звычайны працоўны візіт. Яго не трэба ўзгадняць месяцамі, гэта робіцца даволі хутка. Тым больш, што пры адносінах Расіі і Беларусі патрэбна мінімум фармальнасцяў. У прынцыпе, прэзідэнты Расіі і Беларусі павінны штомесяц сустракацца. Калі яны штомесяц на гадзіну-дзве будуць сустракацца, то шмат якіх праблем можна будзе пазбегнуць".

Еўрарадыё: "Якія могуць быць сустрэчы? Відаць, у Маскве пакрыўдзіліся на тое, што Лукашэнка апошнім часам настойліва зазіраецца на Захад?"

Андрэй Фёдараў: "У палітыцы паняцце крыўды — рэч вельмі адносная. Ды і што значыць — “глядзіць у бок Захада”? Ёсць пэўныя абавязальніцтвы ў адносінах Беларусі і Расіі. Лукашэнка іх усе, у асноўным, выконвае. Ды і інтэграцыя Беларусі ў Захад пры сённяшнім яе стане немагчымая. Шмат па якіх прычынах: пачынаючы ад эканамічных — і да палітычных. І я ўпэўнены, што дзеля паляпшэння адносінаў з Захадам Аляксандр Рыгоравіч не пойдзе на радыкальную змену свайго курса. Неяк я параўноўваў Беларусь з Кубай. Куба магла б за адзін дзень змяніць усё, але яна ўсё робіць вельмі паступова. Так і Аляксандр Рыгоравіч: ён мог бы за адзін дзень змяніць усё, але замест гэтага ён робіць вельмі асцярожныя крокі. Разумеючы, што калі ён пойдзе на ўсе патрабаванні Захада, то ён застанецца без улады і краіны".

Еўрарадыё: "На другую палову жніўня запланаваны візіт у Маскву лідэраў беларускай апазіцыі. Ці не перасякуцца там шляхі іх і Лукашэнкі?"

Андрэй Фёдараў: "Гэтыя візіты не будуць у адныя і тыя ж дні. Гэта я вам гарантую".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі