Галоўрэда "Нашай Нівы" затрымалі як падазраванага па крымінальнай справе
Галоўнага рэдактара "Нашай Нівы" Ягора Марціновіча затрымалі на тры дні як падазраванага па крымінальнай справе. Пра гэта напісала ў Фэйсбуку яго жонка Адар'я Гуштын.
Як паведамляла Еўрарадыё, сёння дома ў Марціновіча адбыўся ператрус. Правялі яго супрацоўнікі ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС.
"Да нас у кватэру можна было прыводзіць студэнтаў юрфаку, каб паказваць, як павінен праходзіць узорны ператрус. Праводзілі яго аператыўнікі УСБ МВД. Мы дабіліся, каб панятымі былі нашы суседзі, каб на ператрус пусцілі адваката, каб аглядалі пакоі па чарзе, каб усё карэктна ўпісалі ў пратакол. Ягор паеў і памыўся, апрануты і мае з сабой усё неабходнае, маральна і інфармацыйна ён таксама падрыхтаваны, адвакат будзе на допыце ў СК", — распавяла падрабязнасці Гуштын.
Марціновіча затрымалі як падазраванага па крымінальнай справе аб паклёпе (арт. 188 Крымінальнага кодэкса). Нагодай стаў артыкул у "Нашай Ніве", дзе адзін з Дыджэяў Перамен Сакалоўскі казаў, быццам да яго ў камеру падчас арышту прыходзіў намеснік міністра ўнутраных спраў Барсукоў.
Сам Сакалоўскі пару тыдняў таму папрасіў прытулку ў Літве, куды ён выехаў пасля выхаду на волю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.