Гісторыя беларускі: знаёмства з амапаўцам у Tinder, а потым слёзы ракой
Такая гісторыя магла адбыцца з кожным
Славутыя сусветныя брэнды працягваюць ірваць сувязі з Беларуссю праз яе статус паўнавартаснага суагрэсара ў вайне супраць Украіны. Надоечы папулярны сэрвіс знаёмстваў Tinder абвясціў аб сыходзе з нашай краіны 15 лютага. Раней з Беларусі таксама сышлі Badoo і Bumble.
Tinder дапамагае людзям знайсці сваю любоў, новых сяброў. І дорыць крынжовыя гісторыі, якія здараліся з беларусамі.
Адной з такіх гісторый у "Чарговым падкасце" падзяліўся стэндап-комік Міхась Ільін. Ён расказаў, што ў 2019 годзе ў яго было спатканне з прота-ябацькай-хіраманткай-дактыласкапісткай з сілавых органаў.
Мы вырашылі працягнуць тэму і адшукалі беларуску, якой у 2021 годзе "пашчасціла" паразмаўляць з амапаўцам. На той момант Сашы (імя змененае) было 26 гадоў, кажа, у Tinder яна звычайна не заседжвалася: заходзіла на 3-4 дні, а потым выдаляла акаўнт. Яе словамі кажучы, "і людзей паглядзець, і сябе паказаць". У нейкі момант у яе здарыўся "мэтч" з маладым чалавекам, пра якога і пойдзе гаворка.
— Хлопец нічым асабліва не вызначаўся, ён быў высокі, дужы, 27 гадоў. У профілі былі фоткі з нейкіх падарожжаў. Напісаў ён мне праз пару дзён. Спачатку дыялог быў супербязладны: "Вітаю! Як маешся?" — і гэтак далей. Нічога надзвычайнага, мы не спрабавалі пазнаёміцца бліжэй. Але аднойчы ён прапанаваў стэлефанавацца і пагаманіць, думаю, яму проста лягчэй было размаўляць, чым набіраць паведамленні. Я пагадзілася.
Спачатку Саша звярнула ўвагу на ліслівы голас: ён быў і хітры, і агідны адначасова. У інтанацыі чыталася пыха. Малады чалавек шмат пытаў у яе пра працу, мэты на жыццё, чаго яна хоча ад адносін, пры гэтым ігнаруючы пытанні пра яго працу.
— Ён шмат казаў пра сям'ю, як моцна хоча дзяцей, казаў, што прама цяпер гатовы будаваць трывалыя адносіны з думкай пра вяселле. Вядома, гэта не зусім супадала з маімі жыццёвымі прыярытэтамі. Тады я падумала: "Блін, цікава, упершыню сустрэла хлопца, які так шчыра пра гэта гаворыць". А потым размова чамусьці зайшла пра тое, што ён любіць страляць. І я ў каторы раз спытала, дзе ж ён усё-ткі працуе…
Па словах Сашы, калі яна пачула кароткі адказ "У АМАПе", у яе ўсё аднялося.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.