“Некаторых ужо расстралялі”: хірамантка з Мінска выносіла судовыя заключэнні?

Пераказваем містычную гісторыю і спрабуем высветліць, што з гэтага праўда 

Пераказваем містычную гісторыю і спрабуем высветліць, што з гэтага праўда  / @rubanau_collage

Хірамантка працуе крыміналісткай у Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз. Яе  звышздольнасці дапамагаюць ёй раскрываць справы і адпраўляць у турму злачынцаў… Не, гэта не апісанне таннага серыяла на расійскім тэлебачанні. Незвычайную гісторыю ў “Чарговым падскасце” расказаў комік Міхась Ільін.

Пераказваем галоўнае і спрабуем высветліць, што з гэтага праўда.
 

Самае крынжовае спатканне ў Tinder

У “Чарговым падкасце” яго вядоўцы абмяркоўвалі сыход Tinder з Беларусі. Міхась Ільін успомніў сваё “самае крынжовае спатканне”, якое адбылося з дапамогай мабільнай праграмы для знаёмстваў.

Увесну 2019-га ў Мінску ён дамовіўся сустрэцца з дзяўчынай. Калі яны развіртуаліліся, яго чакала расчараванне. Па-першае, чалавек не адпавядаў фотаздымку і апісанню ў анкеце: “Ішоў на спатканне з 30-гадовай дзяўчынай, прыйшоў на спатканне з жанчынай за 40”. Па-другое, яна аказалася прыхільніцай Лукашэнкі: “Паняцця “ябацька” тады яшчэ не было, яна была “прота-ябацька”. 

“Галоўны крынж”, паводле ўспамінаў Ільіна, здарыўся потым. Жанчына прадставілася судовай эксперткай па дактыласкапіі і расказала пра незвычайнае хобі — хірамантыю (гаданне па рэльефе далоні).

“Кажа, я — спецыялістка па хірамантыі. А я ёй: “Не думаў, што ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз ёсць такая пасада”, — успамінае Ільін іх размову.

Жанчына нават прадэманстравала свае здольнасці. Спачатку прадказала Ільіну яго будучыню: “Будзеш сядзець у турме”. Праўда, удакладніла, што “бачыць” на далоні, што той будзе працяглы час “жыць не ў сваім доме”. І пагадзілася з яго здагадкай, што гэта можа быць пра арандаванае жыллё. Потым “крыміналістка-хірамантка” расказала і пра мінулае мужчыны.

“Хоць я стаўлюся да ўсяго гэтага скептычна, але тут я быў сапраўды шакаваны, бо амаль усё адпавядала рэчаіснасці на 100%: склад сям’і, стасункі ў сям’і і іншыя дэталі біяграфіі”, — кажа Ільін.
 

Хірамантка і судовыя экспертызы

Даказваючы, што хірамантыя — не выдумка, жанчына зрабіла нечаканае прызнанне: гэтыя практыкі дапамагаюць ёй у працы крыміналіста…

“Ёсць, напрыклад, нейкая крымінальная справа і падазраваны па ёй, — пераказвае Ільін яе словы, — Следчы не ведае, вінаваты ён ці не. Пракурор не ведае, вінаваты ён ці не. Суддзя не ведае, вінаваты ён ціне. А я пагляджу на адбіткі яго далоняў — і ўсё пра яго ведаю: вінаваты ён ці не. І раблю пасля гэтага судовае заключэнне”.

Ільін удакладніў у яе: то-бок у беларускіх турмах сядзяць людзі, якія там апынуліся ў тым ліку дзякуючы экспертызам, што грунтуюцца на хірамантыі?  

“На гэта яна мне адказвае: “Ну чаму сядзяць… Ты ж ведаеш, якая ў нас краіна: некаторых ужо і расстралялі”.

Паводле ўспамінаў Ільіна, жанчына потым сказала, што гэта жарт. Маўляў, яна прафесійна падыходзіць да працы — неперадузята. Аднак ён дагэтуль не ведае, сапраўды яна пажартавала ці проста, “пабачыўшы негатыўную рэакцыю, вырашыла пераабуцца”.

“Як бы там ні было, я проста ў шоку ад таго, што такі чалавек з такім складам розуму працуе ў гэтай сістэме і робіць судовыя экспертызы”, — кажа Ільін.


Хірамантка і справа Канавалава і Кавалёва

“Некаторых ужо расстралялі”: хірамантка з Мінска выносіла судовыя заключэнні?
Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў / dpa

Нейкіх сэнсацыйных падрабязнасцяў, кажа Ільін, даведацца не ўдалося, бо жанчына максімальна трымалася афіцыйнай версіі:

“Кажа, Канавалаў гэта зрабіў — і ўсё! Дзіўна было чакаць іншага ад адданай лукашысткі”.

На заўвагі Ільіна пра нестыкоўкі ў справе яна яму адказала: “Якая розніцца, як праходзіла следства і як праходзіў суд, калі ён гэта зрабіў!”

Хірамантка, якая нібыта бачыла адбіткі далоняў Канавалава, ахарактарызавала яго як генія. Маўляў, такія нараджаюцца 1 на 100 тысяч.

“Проста аказаўся не ў тых абставінах і вось так рэалізаваў свой патэнцыял”, — цытуе яе Ільін.  

***

Еўрарадыё спытала ў былых сілавікоў з аб’яднання БелПол, ці ведаюць яны што-небудзь пра жанчыну-хірамантку ў шэрагах Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. На жаль, праз іх пацвердзіць такую асобу без імені і прозвішча не ўдалося (імені герой падкаста не памятае, а прозвішча папросту не ведаў).  

***
Заканчваючы сваю гісторыю, Ільін сам звярнуў увагу на тое, што ніякіх пацверджанняў словам жанчыны няма: “Не факт, што гэта ўсё праўда”. Аднак мужчына задаецца пытаннем: навошта выдумляць такую легенду?  

“Я разумею, калі чалавек прыходзіць на спатканне і кажа, што ў яго два бізнесы і тры аўтамабілі, але яны ў рамонце, таму ён прыехаў на трамваі. А вось такое навошта казаць?”

Ільін таксама звяртае ўвагу і на тое, што “экспертка” ведала занадта шмат дэталяў судовага працэсу Канавалава і Кавалёва. На яго думку, гэта ўскоснае пацверджанне таго, што нейкае дачыненне да гэтай справы яна ўсё ж мае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі