Каля Барысава электрацягнік спынілі халадзільнікам
На месцы здарэння
Каля Барысава электрацягнік спынілі... халадзільнікам. Пра незвычайнае здарэнне (папярэдняе здарэнне з пасажырскім цягніком было каля Пухавічаў), якое адбылося ў аўторак каля 14-й гадзіны, піша газета "Адзінства".
Электрацягнік Мінск — Прыяміна ўжо падыходзіў да Барысава, калі машыніст заўважыў на рэйках... халадзільнік і чалавека каля яго. Ён выкарыстаў экстранае тармажэнне. Рухаючыся па інэрцыі (хуткасць перад спыненнем была 80 км/г), цягнік знёс перашкоду. Пра здарэнне машыніст паведаміў дзяжурнаму па станцыі Барысаў. Цягнік, відаць, не спыняўся, паколькі "затрымак у раскладзе руху цягнікоў не адбылося".
Цяпер абставіны здарэння высвятляе Следчы камітэт. Паводле папярэдняй версіі, невядомы мужчына (на выгляд, "без пэўнага месца жыхарства") цягнуў халадзільнік у пункт прыёму металалому, які знаходзіцца ў тым раёне. Калі з'явіўся цягнік, ён уцёк, а халадзільнік пакінуў на рэйках. Яго шукаюць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.