Асуджаны мінчук, які на электрасамакаце наехаў на жанчыну і не дапамог ёй
Пенсіянерка пацярпела на пешаходнай дарожцы
Асуджаны мінчук, які на электрасамакаце наехаў на жанчыну і не дапамог ёй (раней падобны выпадак быў у Віцебску). Яго прызналі вінаватым у "прычыненні менш цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці" і "пакіданні састарэлага ў небяспецы". Крымінальную справу разглядаў суд Заводскага раёна сталіцы.
Здарэнне адбылося ў ранішні час 21 ліпеня. Мужчына ехаў на электрасамакаце па тратуары па вуліцы Герасіменкі і меў пасажыра. У нейкі момант выехаў за яго межы на газон, дзе "па неасцярожнасці здзейсніў наезд на 71-гадовую жанчыну". Яна ўпала, а мужчына не аказаў ёй дапамогі, не выклікаў "хуткую", а проста з'ехаў з месца здарэння.
Пазней стала вядома, што пацярпелай нанесены "менш цяжкія цялесныя пашкоджанні па прыкмеце працяглага расстройства здароўя на тэрмін не больш за чатыры месяцы". У судзе мінчук сваю віну цалкам прызнаў (высветлілася, што ён ужо меў праблемы з законам). Яго пакаралі "хатняй хіміяй" на тэрмін 2 гады і штрафам — 4000 рублёў. Таксама на карысць пацярпелай спагналі 5 тысяч рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.