У Нацыянальным мастацкім музеі выявілі невядомы партрэт караля Уладзіслава Вазы
Партрэт з Нацыянальнага мастацкага музея
Беларускія даследчыкі выявілі партрэт караля Уладзіслава Вазы пад карцінай невядомага аўтара, піша тг-канал "Беларуская навука".
У Нацыянальным мастацкім музеі пад інвентарным нумарам КП-1430 захоўваецца "Партрэт юнака ў шыракаполым капелюшы з пяром".
У часопісе Spectrochimica Acta Part A з'явілася даследаванне калектыву беларускіх аўтараў (Інстытут фізікі, Тэхналагічны ўніверсітэт Труа ды інш.), прысвечанае гэтай карціне. Яны выявілі пад гэтым творам яшчэ адзін партрэт. Мастацтвазнаўчае даследаванне дазваляе меркаваць, што там намаляваны кароль польскі і вялікі князь літоўскі Уладзіслаў Ваза.
Паведамляецца, што партрэт быў створаны ў першай палове XVII стагоддзя. Потым, у сярэдзіне таго ж стагоддзя, на яго аснове стварылі новую карціну. Мяркуецца, што гэта можа быць партрэт пазашлюбнага сына караля Уладзіслава Канстанціна Вазы.
Падкрэсліваецца, што вынікі комплекснага спектраскапічнага аналізу не супярэчаць гіпотэзе мастацтвазнаўцаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.