Колькасць жыхароў Беларусі складае менш за 8,8 мільёна чалавек — Дзяржкантроль
На вакзале, ілюстрацыйнае фота
У Беларусі цяпер пражывае менш за 8,8 мільёна чалавек. Такая статыстыка вынікае са службовага ліста намесніка старшыні Камітэта дзяржкантролю Станіслава Наркевіча ў Савет міністраў. Копію дакумента, датаванага лістападам 2024-га, гэтага года, апублікаваў "Позірк" са спасылкай на аб'яднанне былых сілавікоў BELPOL.
У лісце гаворыцца пра даручэнне Аляксандра Лукашэнкі забяспечыць да 2025 года ўсіх спажыўцоў якаснай пітной вадой. Падаецца там і статыстыка водазабеспячэння "ў цяперашні час". У прыватнасці, у дакуменце паведамляецца, што "паслуга водазабеспячэння прадастаўляецца 8,6 млн чалавек, у тым ліку арганізацыямі жыллёва-камунальнай гаспадаркі — 8,4 млн, іншых сфер — 0,2 млн". Пры гэтым дадаецца, што пітной вадой забяспечана каля 98% насельніцтва.
З гэтага вынікае, што ў лістападзе ў Беларусі пражывала каля 8,78 млн чалавек (з улікам акругленняў).
Паводле звестак Белстата на 1 студзеня 2024 года, насельніцтва Беларусі склала 9 155 978 чалавек. Гэта на 44 639 менш, чым годам раней.
Аднак афіцыйная статыстыка не ўлічвае беларусаў, якія пакінулі краіну пасля 2020 года. У Дэпартаменце грамадзянства і міграцыі МУС казалі пра 200 тысяч чалавек, якія пакінулі Беларусь у 2021-2022 гадах. Намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў ацэньваў эміграцыю ў 350 тысяч чалавек. Старшы даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў ацэньваў беларускую эміграцыю пасля 2020 года ў 500-600 тысяч чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.