Страты года: знакамітыя беларусы, якія памерлі ў 2024
Беларусы, з якімі мы развіталіся ў 2024-м
2024 год быў багаты на трагічныя падзеі. Вядомыя беларусы, якія пакінулі свой след у культуры, навуцы, журналістыцы, спорце ды іншых сферах, сыходзілі штомесяц. У канцы года Еўрарадыё яшчэ раз згадвае імёны гэтых людзей і выказвае спачуванні іх родным і сябрам.
2 студзеня пайшоў з жыцця Генадзь Буралкін, які ў канцы 90-х узначальваў Беларускі саюз мастакоў.
Гэты скульптар — аўтар помніка заснавальніку і першаму вялікаму князю Вялікага Княства Літоўскага Міндоўгу ў Навагрудку, а таксама мемарыяла ахвярам трагедыі на Нямізе.
Творы майстра вядомыя не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.
15 студзеня памёр выдатны беларускі фатограф Уладзімір Парфянок, які стаў вядомым яшчэ ў 80-х гадах і рэпрэзентаваў “новую хвалю” фатографаў.
Парфянок быў куратарам і адным з заснавальнікаў галерэі візуальных мастацтваў Nova, таксама ўдзельнічаў у шматлікіх выставачных праектах у Беларусі і за мяжой.
Многія памятаюць Парфянка па Школе фатаграфіі ў Мінску, дзе ён працаваў выкладчыкам. А яшчэ Уладзімір Парфянок быў куратарам Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, майстэрні-музея Заіра Азгура, сябрам Беларускага саюза мастакоў і дарадцам экспертнага савета Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў.
25 лютага памёр журналіст і рэдактар газеты “Беларусы і рынак” Андрэй Александровіч.
Ён быў таксама адным з заснавальнікаў выдання “Ежедневник”, працаваў у БДГ, Deutsche Welle, стварыў праект Thinktanks.by. З другой паловы 2023 года Александровіч знаходзіўся ў вымушанай эміграцыі.
4 сакавіка памёр актор Дзмітрый Малашчыцкі. З сярэдзіны 2000-х ён граў у беларускіх, украінскіх і расійскіх фільмах і серыялах.
У ліпені 2020-га ён удзельнічаў у запісе відэазвароту з патрабаваннем вызваліць беларускіх палітвязняў.
— Я беларус і жыву ў Беларусі. У маёй краіне адбываецца безмяжак яшчэ большы, чым за апошнія 26 гадоў. Ён мне надакучыў. Я патрабую сумленных выбараў, — казаў Малашчыцкі.
25 красавіка памёр архітэктар-практык, рэстаўратар, краязнаўца Мікалай Уласюк-старэйшы.
Працуючы выкладчыкам у БрДТУ, ён выгадаваў у Брэсце не адно пакаленне архітэктараў-рэстаўратараў, яго любілі студэнты.
Ён даследаваў архітэктурную гісторыю Брэста, выдаваў кнігі, у вольны час праводзіў аматарскія экскурсіі па Трышынскіх могілках.
Таксама Уласюк працаваў над тым, каб гэтаму некропалю надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці (могілкі ўнеслі ў спіс у 2016-м).
7 траўня не стала музыкі і мастака Васіля Пачыцкага. Ён быў лідарам гурта "Перебор", авангардыстам, аўтарам знакамітых зайцоў з "Белгазеты", а таксама канцэптаў для кліпа "ляпісаў" "Ластаўкі".
Працы мастака знаходзяцца ў прыватных калекцыях і музеях Беларусі, Расіі, Францыі, ЗША і Ірландыі.
20 чэрвеня памёр кампазітар, удзельнік “Сяброў” Мікалай Сацура. За жыццё ён напісаў больш за тры сотні песень.
16 ліпеня памёр беларускі музыка і дыджэй Ігар Гіпс, які ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х працаваў у культавым мінскім клубе “Рэзервацыя”. У тыя часы там праходзілі самыя прыкметныя і неардынарныя вечарынкі.
15 жніўня памёр вядомы дзеяч беларускага левага руху Сяргей Калякін. Палітык удзельнічаў у дзвюх прэзідэнцкіх кампаніях: у 2001-м (не сабраў 100 тысяч подпісаў) і ў 2006-м (прайграў праймерыз Аляксандру Мілінкевічу і стаў кіраўніком яго выбарчага штаба).
2 верасня пайшоў з жыцця беларускі барэц Аляксандр Мядзведзь. Мядзведзь тройчы браў алімпійскае золата: у 1964 годзе ў Токіа, у 1968-м у Мехіка і ў 1972-м у Мюнхене. Пры гэтым ён сем разоў станавіўся чэмпіёнам свету і тры разы — чэмпіёнам Еўропы.
20 кастрычніка памёр паэт і выдавец Мікола Трафімчук. Ягоныя творы выдаваліся ў шматлікіх беларускіх медыя, а многія вершы, напрыклад “Драгічынскі вальс”, “Павуцінка”, “Бацькоўскі сад”, “Слуцкі казачок” — былі пакладзеныя на музыку.
З 2005 года Трафімчук узначальваў літаратурна-мастацкі альманах “Гоман”.
5 лістапада памёр журналіст Вадзім Доўнар, які, як адзначае Беларуская асацыяцыя журналістаў, "прысвяціў сваё жыццё асвятленню важных падзей". Ён працаваў у БДГ, на "Радыё Рацыя", на ўкраінскім тэлеканале ATR і ў іншых выданнях.
11 снежня скончыла жыццё самагубствам Святлана Круцікава, асуджаная за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". Жанчына кінулася пад цягнік.
Знаёмыя кажуць, што Круцікава не вытрымала праверак, ператрусаў, пазбаўлення волі і рэгулярнага псіхалагічнага ціску з боку міліцыянтаў. Іншых прычын для такога ўчынку ў жанчыны быць не магло. Яе запомнілі вельмі актыўнай і жыццярадаснай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.