Беларусы не змаглі вызначыць галоўную падзею 2024 года

Новы год, ілюстрацыйнае фота

Новы год, ілюстрацыйнае фота / Минсктранс

Пад канец снежня 2024 года Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі правёў сярод жыхароў краіны традыцыйнае апытанне пра мінулы год і чаканні ад будучага. Былі апытаныя 900 рэспандэнтаў з Мінска, абласных цэнтраў і іншых гарадоў, а таксама з сельскіх раёнаў. Усім ім было больш за 18 гадоў, паведамляе Інстытут сацыялогіі НАН.

Як вядома, Інстытут сацыялогіі цалкам падкантрольны рэжыму Лукашэнкі. На думку экспертаў, супрацоўнікі інстытута маніпулююць грамадскай думкай.

Згодна з вынікамі апытання, 64% удзельнікаў ацанілі 2024 год як удалы для сябе, а 23% палічылі яго няўдалым. Не змаглі адказаць 12,8%.

Пры гэтым 67,2% удзельнікаў апытання мяркуюць, што наступны год будзе для іх лепшым за гэты. 16,9% рэспандэнтаў не чакаюць заўважных зменаў, а 2,1% апытаных рыхтуюцца да пагаршэння жыцця. Не змаглі адказаць 13,8%. Паводле сацыёлагаў, у зменах да лепшага часцей ўпэўненыя жыхары сельскай мясцовасці (75,8% супраць 64,8% гарадскіх).

Таксама ўдзельнікам прапанавалі назваць галоўную падзею адыходзячага года ў Беларусі. Аднак тры чвэрці рэспандэнтаў не змаглі адказаць на гэтае пытанне (75,4%).

Тыя, хто здолеў назваць такую падзею, часцей за ўсё казалі пра пяць варыянтаў — "адсутнасць ваенных канфліктаў на тэрыторыі краіны і правядзенне нейтральнай, незалежнай палітыкі на знешнепалітычнай арэне", "урачыстыя мерапрыемствы ў гонар дзяржаўных святаў і памятных дат" і "ўмацаванне знешнепалітычных сувязяў, паляпшэнне адносін з іншымі краінамі".

Чаго чакаюць беларусы ад новага года? Моцнага здароўя (31,9%), захавання міру (25,3%), сямейнага дабрабыту (15,1%). У адказах таксама фігуравалі павышэнне даходаў (7,1%), паляпшэнне жыллёвых умоў (5,1%), удалае працаўладкаванне (4,1%) і купля аўто (1,4%).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі