Афіцэра міліцыі абвінавачваюць у вымагальніцтве і перавышэнні ўлады
Міхаіл Згірскі і Аляксандр Перапечка
Супрацоўніка крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС Міхаіла Згірскага, пра якога загаварылі вясной ў сувязі з затрыманнем банды, абвінавачваюць у вымагальніцтве і перавышэнні ўлады. Яго судзяць у Нясвіжы. Другі фігурант справы — яго сябар дзяцінства Аляксандр Перапечка. Абодвум ім па 27 гадоў. Згірскаму пагражае да 20 гадоў зняволення, піша "Наша ніва".
У траўні 2024-га стала вядома пра затрыманне групы аршанцаў-удзельнікаў банды, якая рабавала дальнабойшчыкаў у Брэсцкай, Магілёўскай, Мінскай і Гомельскай абласцях. Тады ж выданне сцвярджала, што яе кіраўніком быў міліцыянер Міхаіл Згірскі, які перад гэтым адзначыўся ўдзелам у палітычных рэпрэсіях. Аднак праз тыдзень міністр унутраных спраў РБ Іван Кубракоў назваў гэта "фэйкам" — нібыта ў складзе банды сілавікоў не было. А насамрэч было вырашана, "каб не пляміць ведамства", выдзеліць справу афіцэра ў асобную вытворчасць.
Некалькі тыдняў таму стала вядома пра нечакана гуманны прысуд аршанцам, якія рабавалі фуры. Толькі адзін чалавек атрымаў 4 гады калоніі, астатнія — "хатнюю хімію" (ад 2 да 4 гадоў) і штрафы. У іх прысудзе чамусьці фігуравалі крадзяжы толькі ў Гомельскай і Мінскай абласцях.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.