#нюдзеля: Беларусы агаляюцца ў сацсетках — гэта пра эротыку ці нешта большае?
Спяшаемся паказаць прыгажосць (у найбольш цнатлівым з магчымых варыянце) / фота ўдзельнікаў #нюдзеля / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Беларусы любяць розны варушняк. Сярод прыкладаў — #нюдзеля, флэшмоб у Твітары, калі штонядзелю карыстальнікі публікуюць свае ню-фота ці відэа. Само слова "нюдзеля" — камбінацыя слоў "нядзеля" і "нюдс".
Пра што гэта — пра эротыку ці ўсё ж нешта большае? Пагутарылі з актыўнымі ўдзельнікамі #нюдзелі і спяшаемся давесці да вас іх думкі, а яшчэ — паказаць прыгажосць (у найбольш цнатлівым з магчымых варыянце).
"Мне падабаецца маё цела"
Яўген — сапраўдны амбасадар #нюдзелі: рэгулярна ўдзельнічае ў ёй і посціць самыя розныя фота, ад здымкаў з мацоўні да таго, як грае на барабанах (такога шмат і ў яго інстаграме).
— Я большую частку свайго жыцця быў з залішняй вагой і пасля пачаў будаваць сваё цела. Мне цяпер проста падабаецца, як яно выглядае, — кажа хлопец, — Я памятаю, якім яно было раней, бачу, якое яно цяпер, і чмурэю. Усе выгіны, мышцы, як на іх асвятленне падае. Спрабую знаходзіць у гэтым эстэтыку.
Яўген прызнаецца: вядома, яму хочацца, каб пад здымкамі пісалі прыемнае.
— Мы ж усе шукаем увагі, якой нам не хапала недзе раней. Я не разбіраўся, але выкладваю фота і думаю: "Напішыце, калі ласачка, які я прыгожы, які я стаў", — дадае хлопец.
Яшчэ яму як блогеру падабаецца шукаць цікавыя кадры, думаць над кампазіцыяй, асвятленнем — займацца эстэтыкай.
У суразмоўніка ёсць жонка, і ніякіх праблем праз тое, што Яўген публікуе часам даволі смелыя кадры, няма. Хлопец тлумачыць, што яны на адной хвалі і паважаюць адно аднаго, і абое ў першую чаргу — асобы.
— Трэба рабіць найперш тое, што хочаш. Інакш так і пражывеш усё жыццё, спрабуючы рабіць тое, што хочуць ад цябе іншыя, — падсумоўвае Яўген.
"Трэба падтрымліваць сваё"
— Мне падабаецца маё цела, яго выгляд, я вельмі люблю свае татуіроўкі, люблю фатаграфавацца. Калі мне гэта падабаецца, то чаму б не, — кажа Верасень, якая таксама актыўна ўдзельнічае ў #нюдзелі. — Ну і я лічу, што трэба падтрымліваць сваё, бо ёсць #sexymonday, ёсць #нюдсочетверг [падобныя флэшмобы, але зробленыя не беларусамі. — Еўрарадыё]. Мне вельмі падабаецца #нюдзеля, бо гэта вельмі прыемны каламбур, і я лічу, што нядзеля — той самы час, калі можна ляніва паляжаць, зрабіць прыгожыя фота і падзяліцца з іншымі.
Суразмоўніца лічыць, што беларускі і беларусы могуць удзельнічаць у акцыі з розных прычын: шмат каму падабаецца ўласнае цела, нехта такім чынам даследуе асабістыя межы і разумее, што яму ці ёй камфортна выстаўляць у сацсеткі, а што — не.
— Мабыць, таксама гэта пра "паказаць сябе і паглядзець на іншых", бо ёсць такое: ты ходзіш па хэштэгах, глядзіш на людзей. Гэта рэпрэзентацыя розных целаў. І мне падаецца, што гэта вельмі феміністычна і бодзіпазітыўна: целы ва ўсіх розныя і па-рознаму прыгожыя. У #нюдзелі можа ўдзельнічаць хто заўгодна, няма ніякіх "нарматываў".
Верасень кажа, што да яе па тэгу прыходзяць часцей за ўсё адэкватныя каментатары, але ведае яна і іншыя выпадкі.
Цікава, што праз нюдсы можна нават дапамагаць іншым: сама Верасень змагла так падтрымаць збор сродкаў для дзяцей палітвязняў.
— Я апублікавала здымак з подпісам, што гэта намёк на #нюдзеля, а таксама на тое, што трэба заданаціць. Гэта сабрала вельмі шмат лайкаў і праглядаў. Я глядзела па статыстыцы, людзі пераходзілі па спасылцы на BySOL. Спадзяюся, што і данацілі. Потым мне асабіста напісаў Андрэй Стрыжак і падзякаваў.
#нюдзеля як спосаб прыняць сваё цела
Яшчэ адна гераіня просіць размаўляць ананімна, бо родныя не ведаюць пра яе праблемы. Пры гэтым досвед удзелу ў гэтай твітар-традыцыі дазваляе дзяўчыне пераадольваць цяжкасці:
— Я хварэла на анарэксію і хварэю на булімію, праз што маю штосьці накшталт дысмарфафобіі [разлад, пры якім чалавек празмерна занепакоены сваім выглядам і не можа сябе адэкватна ацэньваць. — Еўрарадыё].
Праз гэта, кажа суразмоўніца, яна часта мае эпізоды, калі літаральна бачыць сваё цела "і ў два, і ў тры раза большым", чым насамрэч.
— #нюдзеля для мяне — пра прыняцце свайго цела, бо кампліменты ад іншых людзей даюць мажлівасць зразумець, што, калі шмат людзей робяць іх твайму целу, тваёй фігуры — магчыма, ты проста не маеш рацыі, калі крытыкуеш сябе настолькі моцна. Я ведаю, што першапачаткова такі фармат быў створаны для поўных людзей, каб яны прынялі сябе, бо фэтшэймінг [спроба зняважыць чалавека за залішнюю вагу. — Еўрарадыё] — вельмі распаўсюджаная праблема.
Дзяўчына дадае, што пад паняцце "поўная" яна не падпадае, але праблемы з прыняццем сябе "даволі часта сустракаюцца і сярод тых у каго цела стэрэатыпна прыгожае".
— Не адмяняю таго, што хтосьці гэта робіць дзеля эротыкі, але людзі з такімі мадэлямі паводзінаў заўсёды і ўсюды будуць, — падсумоўвае суразмоўніца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.