“Грустный Коленька” і "экстрэмісты": што чытаюць чыноўнікі, дыпламаты і сілавікі
Сілавікі павінны б самі стаць ля знакамітых дзвярэй ГУБАЗіКа / Калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Многія беларускія міністэрствы — удзельнікі "экстрэмісцкіх фарміраванняў". А яшчэ яны любяць мемы пра Лукашэнку. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова проста зірнуць, на каго беларускія чыноўнікі, дыпламаты і сілавікі падпісаныя ў Твітары.
Пакуль "простых беларусаў" за падпіскі на інфармацыйныя рэсурсы, непажаданыя для ўладаў, адпраўляюць у калоніі, тыя, з чыёй маўклівай згоды (а часта — і актыўнай ухвалы) гэта адбываецца, спакойна падпісаныя на "экстрэмістаў". Гэй, ГУБАЗіК! Усе роўныя — але некаторыя раўнейшыя, і ў дачыненні да "сваіх" законы не дзейнічаюць?
Мемны Мінюст і МУС у экстрэмісцкіх фарміраваннях
МЗС Беларусі сабрала ў падпісках некалькі вытворцаў экстрэмісцкага кантэнту: "Зеркало", TUT.by, DW. І нават з'яўляецца ўдзельнікам экстрэмісцкіх, на думку уладаў, фарміраванняў "Наша ніва" і БелаПАН.
У МУС сабраліся яшчэ больш заўзятыя бунтаўнікі. Афіцыйны акаўнт з "птушачкай" не саромеецца адначасова чытаць "СБ" і "Хартыю'97", "Зеркало", "Вясну", TUT.by. Яшчэ МУС далучыўся да анархісцкага "экстрэмісцкага фармавання" — "Рэвалюцыйнае дзеянне". Сярод чытаных ёсць і менш дзёрзкія "экстрэмісцкія фарміравання" — Еўрарадыё і БелаПАН.
Прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч не ўтрымаўся ад падпіскі на "Зеркало". А сам акаўнт СК раней упадабаў паведамленні экстрэмісцкага фарміравання "Радыё Свабода". Захаваўся нават лайк "тэрарысту" Антону Матольку, які каментуе запіс Еўрарадыё. Калі ў Твітары ставіш "сэрцайка", іншыя чытачы могуць гэта ўбачыць. Паводле абноўленых нядаўна беларускіх законаў выходзіць, што СК Беларусі распаўсюджвае экстрэмісцкі кантэнт.
З усіх "экстрэмісцкіх фармаванняў" Дзяржаўны памежны камітэт вырашыў далучыцца да Еўрарадыё. Яшчэ чытае "простых экстрэмістаў" Deutsche Welle, EX-PRESSBY і заблакаванае ў Беларусі "Польскае радыё". Афіцыйны прадстаўнік ДПК Антон Бычкоўскі чытае Еўрарадыё, "Хартыю'97", "Беларускі партызан", БелаПАН, DW, "Радыё Свабода", "Зеркало", БелаПАН, TUT.BY. Тут падпісак гадоў на сем калоніі — паводле законаў, якія самі ж беларускія сілавікі праціснулі, а дэпутаты — прынялі. Толькі вось не спяшаюцца прымяраць іх дзеянне на сябе.
Калі вам здавалася, што Мінюст — гэта абавязкова нешта сур'ёзнае, то не. Хтосьці ў гэтым міністэрстве сапраўды любіць мемы. Інакш як растлумачыць, што яго акаўнт падпісаны на блогераў "Саша 3%", "Грустный Коленька" і "Чай з малінавым варэннем"? Яшчэ Мінюст чытае "Беларускі партызан", "Зеркало", KYKY.ORG. У акаўнта няма "птушачкі", але ён посціць фотасправаздачы з афіцыйных мерапрыемстваў, і на яго падпісаныя іншыя беларускія ведамствы.
Мінінфарм, які заблакаваў у Беларусі ўсё, да чаго дацягнуўся, падпісаны на "Зеркало", TUT.by, The Village. Не абышоў бокам і "экстрэмісцкія фармаванні" KYKY.ОRG, "Наша ніва" і "тэрарыста" Антона Матольку.
Нават сярод 25 падпісак Мінлясгаса знайшлося "Зеркало". Міністэрства энергетыкі, Міністэрства адукацыі і Мінбудархітэктуры таксама яго чытаюць.
Мінпрам аддае перавагу Еўрарадыё, "Зеркалу" і "БелаПАН".
Мінспорту і турызму — аматары не толькі беларускага вольнага слова, але і расійскага. Побач з падпіскамі на БелаПАН, "Хартыю'97", "Беларускі партызан", "Зеркало" і Tribuna.com — падпіскі на Навальнага, "Дождь" і Дудзя.
Мінэканомікі чытае Еўрарадыё, "Беларускі партызан", TUT.by. Добры выбар!
“Вы прасілі дошч — я даў вам дошч!” — лайк ад Мінабароны
У Камітэта дзяржкантролю, які кашмарыць бізнес праверкамі, у Твітары ўсяго тры падпіскі. Вось яны: "Новы час", "Грустный Коленька", "Белсат".
Мінабароны, як і Мінюст, любіць мемы і падпісаны на старонку "Блізкі космас". У яе апісанні — цытата Лукашэнкі: "Вы прасілі дошч — я даў вам дошч!" Таксама Мінабароны чытае "Зеркало", KYKY.ОRG, TUT.by, "Вясну", "БелаПАН", DW, "Радыё Свабода".
Міністэрства аховы здароўя Беларусі падпісана на "Хартыю'97", "Беларускі партызан", Еўрарадыё, "Зеркало", "Чай з малінавым варэннем", Антона Матольку, Tribuna.com, TUT.by, "Белсат", "Радыё Свабода", "БелаПАН" і " Вясну".
Гэта далёка не ўсе ва ўладзе, хто цікавяцца экстрэмізмам. Дыпламаты і амбасады часта падпісаныя на беларускія незалежныя СМІ, абвешчаныя ўладамі "экстрэмісцкімі". Ну а адкуль яшчэ дазнавацца, што насамрэч адбываецца ў краіне? Напрыклад, амбасада Беларусі ў Расіі чытае Еўрарадыё, "Беларускі партызан", "Зеркало". Амбасадар Беларусі ў Японіі Валерый Калеснік падпісаны на Віктара Бабарыку.
Вылучыліся і прапагандысты, якія так непрымірыма "змагаюцца з экстрэмізмам", што не саромеюцца друкаваць на першай паласе свастыкі: "Мінская праўда" чытае "NЕХТА".
Нічога "экстрэмісцкага" мы не знайшлі ў Генпракуратуры, Нацбанка, Белстата і МАРГа. А КДБ вырашыў наогул нікога не чытаць адкрыта. Разумна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.