Стала вядома, куды адправілі чыноўніцу, якая заснула на інаўгурацыі Лукашэнкі

Алена Клічкоўская / "Гомельская праўда"
Гомельскую чыноўніцу, якая заснула на інаўгурацыі Лукашэнкі, перавялі на прафсаюзную працу. Пра гэта даведаўся блогер Андрэй Павук, які датэлефанаваўся ў аблвыканкам, каб удакладніць, што адбылося з жанчынай.
Як расказвала Еўрарадыё, кіраўніца справамі Гомельскага аблвыканкама Алена Клічкоўская нядаўна засталася без пасады. Перад гэтым яна трапіла на відэакамеру з закрытымі вачыма падчас інаўгурацыі Лукашэнкі.
Ва ўпраўленні справамі аблвыканкама чыноўніца паведаміла Андрэю Павуку, што Клічкоўская перайшла на кіраўнічую працу ў прафсаюзы. Як мяркуе мясцовае выданне "Флагшток", хутчэй за ўсё, яна зойме пасаду старшыні Гомельскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў. Гэтая пасада апошнім часам была вакантнай.
Журналісты "Флагштока" затэлефанавалі ў абласное аб'яднанне прафсаюзаў. Там ім сказалі, што старшыня яшчэ не прызначаны, але з размовы стала ясна, што чакаюць менавіта Клічкоўскую. Супрацоўніца выканкама запэўніла, што перапрызначэнне Клічкоўскай не звязанае з інцыдэнтам на інаўгурацыі Лукашэнкі: "Чалавек ужо месяц узгадняецца на пасаду".
Як правіла, у прафсаюзы "спісваюць" топ-чыноўнікаў пенсійнага або перадпенсійнага веку. Клічкоўскай цяпер 56 гадоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.