Ратавальніку з Гродна пагражае да 12 гадоў зняволення за лайк

Ратавальніку з Гродна пагражае да 12 гадоў зняволення за лайк

Ратавальніку з Гродна 37-гадоваму Аляксандру Курганскаму пагражае да 12 гадоў зняволення за лайк. У адной з сацсетак ён лайкнуў каментар іншага чалавека пра перастрэлку ў Мінску, у якой загінулі праграміст Андрэй Зельцар і афіцэр КДБ. З 30-га верасня Курганскі за кратамі. Яго затрымлівалі шэсць чалавек у бронекамізэльках і са зброяй. Аўтамат наставілі і на жонку, паведамляе Радыё Свабода.

"Нічога не казалі, не прадстаўляліся, — расказвае сястра затрыманага Надзея. — Потым прыйшлі з ператрусам. Жонка зноў спыталася: "За што?". Яны [сілавікі] агрызнуліся: "Будзеш усялякую х… лайкаць у інтэрнэце, і па цябе прыйдзем!". Пазней яна ўбачыла ў праўладным тэлеграм-канале відэа, на якім Аляксандр Курганскі "прызнаваў віну" ў тым, што паставіў лайк пад каментаром.

Аляксандр Курганскі адслужыў ратавальнікам 15 гадоў. Спачатку яго калегі абяцалі дапамогу, а пасля звольнілі задняй датай (верагодна, у міліцыі яму далі падпісаць заяву на звальненне) і абавязалі сплаціць 7 тысяч рублёў "кантрактных". "У мяне не было іншага выйсця, вам не перадаць словамі, што тут было", — пасля патлумачыў Курганскі падпісанне заявы. Жонцы ўжо былога ратавальніка прыйшоў ліст з аддзелу прымусовага выканання, у якім пагражаюць апісаць маёмасць. У сям'і двое малых дзяцей — сямі і адзінаццаці гадоў.

Адваката ўдалося знайсці з цяжкасцю, бо ніхто не хацеў брацца за "палітычную" справу. Калі яна сустрэлася ў Аляксандрам Курганскім у жодзінскай турме, ён быў вельмі прыгнечаны — яго, як і іншых затрыманых за каментары, утрымлівалі ў цяжкіх умовах.

"І гэта чалавек, які працаваў ратавальнікам, які бачыў страшныя рэчы, ён жа не хлопчык, — працягвае аповед сястра. — Ён сказаў, што ўжо страціў надзею, што некалі выйдзе адтуль ці што яго нехта наведае". Нядаўна Курганскага перавялі ў гродзенскую турму. Яму  выставілі абвінавачванне ў "абразе службовай асобы" і "распальванні варожасці". Па яго справе прызначана лінгвістычная экспертыза.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі