Грабоўскі яшчэ вырашае, ці будзе працягваць кар'еру гульца
Адзін з самых вядомых беларускіх хакеістаў Міхаіл Грабоўскі ў размове з "Прессболам" пракаментаваў магчымасць спынення ка'еры гульца. Грабоўскаму 34 гады. Ён самы выніковы беларускі хакеіст у гісторыі НХЛ (на яго рахунку 135 закінутых шайбаў і яшчэ больш галявых перадач), выступаў за "Манрэаль Канадзіенс", "Таронта Мейпл Ліфс", "Вашынгтон Кэпіталз", "Нью-Ёрк Айлендэрс". Два гады таму атрымаў цяжкую траўму і дагэтуль не можа цалкам аднавіцца.
Міхаіл Грабоўскі кажа "Прессболу", што хацеў бы згуляць за зборную на чэмпіянаце свету, але не атрымалася:
"І праўда дапускаў, што паспрабую выйсці на "свеце" як гулец зборнай. Але і "Лас-Вегас" (ён мае на форварда правы — Еўрарадыё) быў не ў захапленні ад ідэі, і самаадчуванне, калі шчыра, да гэтага часу незразумелае. Нібыта нармальна, але пад нагрузкамі часта "плыву". Лекары? А што лекары: у адзін голас кажуць, маўляў, такая траўма, што прагназаваць нешта складана.
Зразумела, што ў НХЛ цяпер мне нічога не свеціць. КХЛ? Можна было б паспрабаваць, напэўна. Але навошта? Па-першае, гуляць трэба, каб за нешта змагацца. Па-другое, калі б я быў адзін, можа і варта было б рызыкнуць. Але ў мяне сям'я, трэба і пра яе думаць.
Што далей? Пакуль не ведаю. Яшчэ ў "Айлендэрс" прапаноўвалі заняцца для пачатку скаўнтынгам. Пабачым...".
Пакуль жа Міхаіл Грабоўскі знаходзіцца ў Даніі, дзе дапамагае Дэйву Льюісу трэніраваць беларускую зборную. Як вядома, яна стартавала з двух разгромных паражэнняў — ад шведаў і французаў.