Як адрозніваюцца цэны на прадукты ў мірным Мінску і ваюючым Кіеве

Цэны на грэчку ва Украіне / Еўрарадыё
Цэны на грэчку ва Украіне / Еўрарадыё

У Беларусі імкліва растуць цэны на прадукты. Нягледзячы на ўсе намаганні ўладаў па іх стрымліванні, даражэе практычна ўсё, толькі рознымі тэмпамі. Нават Аляксандр Лукашэнка ўжо прызнае: пандэмія каранавіруса, еўрапейскія санкцыі, змяненне лагістыкі і іншыя фактары моцна паўплывалі на кошт харчавання.

Цяпер чыноўнікі заяўляюць, што не ў адных нас усё складана. Маўляў, гэта прывазная інфляцыя, усюды падаражэлі прадукты, затое ў нас ёсць усе неабходныя. А суседнія еўрапейскія краіны, па заявах Лукашэнкі, просяць у Беларусі муку, соль і грэчку. Пры гэтым пацвярджэння гэтаму ніхто не дае.

У той жа Польшчы нават у самых дробных крамах заўсёды ёсць усё пералічанае, прычым некалькіх гандлёвых марак. А цэны калі і вышэйшыя за беларускія, то зусім няшмат (але і заробкі значна вышэйшыя). Напрыклад, у першым супермаркеце мы знайшлі пшанічную муку па 2,2 беларускага рубля за кілаграм, грэчку — за 4 рублі і кілаграм солі за 1,1 рубля.

Дый ці так "усё ёсць" у Беларусі, як сцвярджаюць улады? Нашы чытачы неаднаразова дасылалі нам фотаздымкі прылаўкаў аддзелаў з садавіной, дзе альбо не было ніякіх яблыкаў, альбо адсутнічалі танныя — беларускія, польскія, — а ляжалі толькі турэцкія па 5 рублёў за кіло.

Людзі скардзіліся на адсутнасць "Лідскай мукі" (тое, што яе не было, пацвердзілі нам і крамы). Асартымент хлеба скараціўся так, што пакупнікі дасылалі фатаграфіі паўпустых паліц у краме. Не кажучы ўжо пра тавары вытворцаў, якія зусім сышлі з нашага рынку.

Параўноўваць асартымент і цэны на прадукты ў нас і ў суседніх краінах Еўрасаюза мы не будзем.

Паглядзелі, што і колькі каштуе ў Беларусі, і параўналі з цэнамі на аналагічныя тавары ва Украіне, у якой ужо больш за 100 дзён ідзе вайна.

Мы параўналі цэны ў супермаркетах сярэдняй цэнавай катэгорыі ў Мінску і Кіеве. Яны актуальныя на пачатак чэрвеня. У сталіцах, хутчэй за ўсё, можна знайсці гэтыя тавары танней — на рынку або ў дыскаўнтарах, напрыклад. Параўноўвалі кошт альбо аднолькавых прадуктаў, альбо ідэнтычных па вазе, аб'ёме, тлустасці і іншых характарыстыках.

Уся гародніна і садавіна, за выключэннем памідораў і агуркоў, ва Украіне аказаліся таннейшая. Ужо з'явіліся ў продажы чарэшня, абрыкосы, персікі і нектарыны. Калі перавесці ў рублі, то каштуюць яны каля 10.

Ашаламляльна адрозніваюцца цэны на яблыкі. У Беларусі, якая таксама вырошчвае гэтую садавіну, танней за 2,5 рубля іх не знайсці. Прычым па такой цане прадаюць польскія, з якіх у красавіку знялі контрсанкцыі, і малдаўскія. Беларускія яблыкі каштуюць у многіх гандлёвых сетках ад 3 рублёў і вышэй. У Кіеве ж поўна яблыкаў і па 1,5 рубля, і па 1,7. Усе яны нармальнай якасці, не вялыя і не мятыя, як гэта часта бывае ў нашых крамах.

Тое самае датычыцца і бульбы. Леташнюю ў кіеўскай краме прадаюць па 1,26 рубля. У нас — ад 1,43 рубля (цана рэгулюецца чыноўнікамі). Ну і выгляд другой значна адрозніваецца ад першай у горшы бок. Маладую ў Кіеве можна купіць за 3,09 рубля, а ў Мінску — за 3,39.

Цана на рэпчатую цыбулю ў нас і ў Кіеве адрозніваецца больш чым у паўтара раза. У Мінску яна каштуе 2,65 рубля, а ў Кіеве 1,71.

А вось крупы амаль усе таннейшыя ў Беларусі. Як і соль. На апошнюю цана ўзляцела пару тыдняў таму — да 10,4 рубля за кілаграм, калі перавесці ў нашы.

— Цэны на соль выраслі таму, што праз абстрэлы спынілася "Арцёмсоль" [гэта найбуйнейшае ў Еўропе прадпрыемства па солездабычы. — Еўрарадыё]. Праз гэта яна сям-там спачатку наогул знікла, а потым паднялася ў цане. Такая самая сітуацыя і з некаторымі іншымі прадуктамі. Проста прадпрыемствы пакуль не працуюць. Плюс з лагістыкай праблемы, зноў жа праз вайну, — так пракаментавалі ў адной з крамаў у Кіеве падаражэнне солі і круп.

Пачак грэчкі аднаго і таго ж вытворцы ў Мінску каштуе танней у два разы, чым у Кіеве: 5,28 рубля супраць 13,46. Пры гэтым ва ўкраінскіх крамах грэчка цяпер ёсць далёка не ўсюды.

Затое алей у Кіеве таннейшы амаль на рубель. Менш ва Украіне каштуюць і гароднінныя кансервы. Мы параўноўвалі цэны на гарошак і кукурузу "Бандзюэль", але ёсць прадукцыя іншых гандлёвых марак, якая каштуе амаль у два разы танней.

Курыная грудка і філе ў кіеўскай краме каштуюць значна даражэй. Затое галёнкі, кумпякі і тушкі тут таннейшыя. Тая самая гісторыя і са свінінай — нешта даражэйшае, а нешта таннейшае.

На што цэны сапраўды здзівілі, дык гэта на замарожаную рыбу. Кіло тушак хека ў Кіеве каштуе 12,57 рубля, а кілаграм скумбрыі — 11,32. У Беларусі, у якой няма мора, першая каштуе 9,99, другая — 7,6 рубля. Але потым аказалася, што ва Украіне даволі мала сваёй рыбы, а тая, што мы бачылі, імпартная: хек аказаўся кітайскім, а скумбрыя — польская.

Малочныя прадукты ва Украіне каштавалі і да вайны значна даражэй, чым у Беларусі. Малако, смятана, тварог нават па акцыйных цэнах каштавалі больш у 1,5-2 разы. Толькі імпартныя сыры былі таннейшыя. Цэны за месяцы вайны не змяніліся. А вось асартымент прыкметна скараціўся. Сталі завозіць менш відаў ёгурту і тварожных дэсертаў, сыроў.

У Беларусі, па назіраннях мясцовых жыхароў, асартымент малочкі не змяніўся, па меншай меры істотна. Затое яе якасць, па іх водгуках, пагоршылася.

— Цяпер у нас у крамах няма тлустай смятаны. 15%, максімум 20%. А раней і па 26% была. І сама па сабе яна не такая, як раней. Кансістэнцыя неаднастайная, з крупінкамі. І смак стаў кіслейшы. Масла 82,5% тлустасці таксама няма. Затое ёсць 61%. Яго рэжаш, яно крышыцца, таму што вады ў ім шмат, — расказала нам жыхарка аднаго з райцэнтраў Мінскай вобласці.

Адрозніваюцца ў меншы бок у Кіеве цэны і на каву. Калі палічыць у сярэднім, то ў Мінску 250-грамовы пачак молатай у сярэднім на 1 рубель даражэйшы. Той, што мы бралі для параўнання, аказаўся ў Кіеве таннейшы на 50 капеек.

Да канца года спажывецкая інфляцыя можа разагнацца да 30%

Валянцін Сакалоўскі, дырэктар па развіцці бізнесу кампаніі Datatile у Расіі і Усходняй Еўропе, экс-кіраўнік аддзела па рабоце з рознічнымі сеткамі ў Nielsen, лічыць, што беларускую эканоміку нельга назваць эканомікай мірнага часу.

— Нягледзячы на тое, што ў Беларусі не вядуцца актыўныя баявыя дзеянні, эканоміка працуе амаль па правілах ваеннага часу. У Беларусі не проста "не да законаў". Эканоміка рэгулюецца нават не ўказамі і дэкрэтамі, а нейкімі незразумелымі органамі тыпу сітуацыйнага штаба пры Савеце Міністраў, вуснымі ўказаннямі, тэлефонным правам, — тлумачыць сваю пазіцыю эксперт.

Па яго словах, у складаных умовах беларускі і ўкраінскі ўрады паводзяць сябе прынцыпова па-рознаму.

— Ва Украіне, нягледзячы на актыўныя баявыя дзеянні, падтрымліваюць эканоміку. Яны крыху больш за месяц таму зразумелі, што без рабочай эканомікі не будзе перамогі ў вайне, бо грошы ў дзяржаве не могуць з'явіцца ніадкуль. Грошы — гэта ў першую чаргу падаткі. Чым больш падаткаў збярэш, тым менш грошай табе трэба будзе пазычаць у іншых краін і партнёраў. Ва Украіне запусціўся бізнес. Хай не цалкам, але ўсё ж.

Як кажа эксперт, украінскі ўрад робіць многае, каб стымуляваць актыўнасць бізнесу, а не перакладае наяўныя праблемы на простага чалавека або рознічныя сеткі. Ён спрабуе падтрымліваць і бізнес, і насельніцтва ў бягучай складанай сітуацыі, лічыць аналітык.

— Калі там і рэгулююць цэны, то толькі на вельмі-вельмі адчувальныя тавары для ваеннага часу, у прыватнасці на паліва. Беларускія ж улады, якія і раней неаднаразова ўмешваліся ў кіраванне тымі бізнесамі, якія ім не належаць, бясконца спрабуюць ствараць нейкія абмежаванні. А чым больш абмежаванняў, тым вышэйшыя цэны. Таму што бізнесу, акрамя ўсяго іншага, трэба ўлічваць выдаткі, звязаныя з дзяржаўным рэгуляваннем.

Ва Украіне працуюць "з колаў", з мінімумам адміністрацыйных абмежаванняў. Табе не трэба ў ваенны час утрымліваць велізарны штат бухгалтараў, таваразнаўцаў, юрыстаў і іншых спецыялістаў, якія будуць выконваць усе хацелкі Міністэрства гандлю. Ва Украіне задача, каб тавар даехаў да крамы і персанал выйшаў на працу. Касавай стужкі няма? Пляваць, працуюць без яе. Плацяжы праз касу не праходзяць? Разбіраюцца з аплатай любымі спосабамі. Улады ва Украіне не адмаўляюць праблемы, а спрабуюць іх вырашыць як могуць.

У Беларусі ж, як лічыць Валянцін Сакалоўскі, усё роўна наадварот.

— Улада, будзем шчырымі, не дапамагае бізнесу, а перашкаджае. Яна залазіць у кішэню рознічных сетак. Рознічным сеткам таксама аднекуль трэба браць грошы. Таму яны перакладаюць усё гэта на пакупнікоў, — кажа ён. — Ва Украіне дзяржава займаецца тым, каб забяспечыць максімальна шырокую прадстаўленасць прадуктаў на рынку па найбольш даступных цэнах, а не падтрымкай украінскага вытворцы любой цаной. Беларусь замест гэтага горда заяўляе: мы пабудуем прадпрыемства, якое замяшчае прадукцыю кампаніі Haribo — жэлейных чарвячкоў. Гэта на поўным сур'ёзе заявіў старшыня Белдзяржхарчпрама. У нас стаўка на ўласныя сілы: мы зробім сваё па любой цане і будзем гэта ўціраць беларусам. А куды яны дзенуцца, давядзецца купляць.

Эксперт адзначае, што адрозненне гэтага крызісу ад усіх папярэдніх у тым, што незразумела, што зрабіць, каб ён скончыўся. Таму што цяпер усё вызначаецца не толькі рашэннем беларускіх уладаў. На яго думку, да канца года спажывецкая інфляцыя можа разагнацца да 30%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі