Грузчык з Кобрына за скрадзеную тону масла і сыру атрымаў 3 гады калоніі
На тры гады калоніі асуджаны грузчык з Кобрына за крадзеж з крамы прыкладна тоны масла і сыру. На працягу амаль чатырох месяцаў мужчына выносіў прадукты са склада гандлёвага аб'екта, дзе працаваў (ён іх хаваў у пустыя скрыні з-пад бананаў). Страты склалі амаль 79 мільёнаў рублёў. Скрадзенае грузчык затанна прадаваў у розныя гандлёвыя пункты у Кобрыне, інфармуе БелаПАН.
Калі ў краме выявілі нястачу тавару, па камерах відэаназірання спачатку высветлілі, што грузчык неаднаразова выносіў са склада відавочна гружаныя скрыні з-пад бананаў. Зламысніка злавілі на месцы злачынства, калі ён такім чынам скраў з крамы дзве галоўкі сыру. Падчас следства высветлілася, што мужчына раней у краме скраў у работніцы мабільны тэлефон коштам 2,7 млн рублёў.
У студзені суд Кобрынскага раёна прызнаў мужчыну вінаватым па ч. 1 арт. 205 КК (крадзеж), ч. 3 арт. 205 КК (крадзеж, учынены паўторна ў буйным памеры) і прыгаварыў да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. На карысць гандлёвай арганізацыі з яго спагнаная ўся сума нанесеных стратаў. Прысуд набыў моц 15 сакавіка.
Адзначаецца, што раней мужчына судзімы не быў.