Грузінскія памежнікі не пусцілі ў краіну беларуску пасля абнулення бязвізу
Тбілісі, ілюстрацыйнае фота
Грамадзянка Беларусі выехала з Грузіі ў Турцыю для абнулення бязвізу, але назад у Грузію яе не пусцілі памежнікі. Пра гэта "Позірку" расказаў праваабаронца, намеснік старшыні некамерцыйнай арганізацыі "Беларуская дыяспара Аджарыі" Раман Кісляк.
Жанчына пражывала ў Грузіі з лета 2023 года, прымала ўдзел у дзейнасці беларускай дыяспары. У Турцыю яна выехала ненадоўга для так званага візарана — абнулення тэрміну бесперапыннага знаходжання ў гэтай каўказскай краіне (364 дні). Назад яна вярнуцца не змагла.
"Памежнікі сказалі: "Вы не можаце знаходзіцца на тэрыторыі Грузіі, вяртайцеся ў Беларусь". Але дзяўчына баіцца на радзіме пераследу. І гэтая рызыка сапраўды сур'ёзная", — кажа Кісляк.
Беларуска на мяжы папрасіла прытулку ў Грузіі, але ёй адмовілі і ў гэтым. "Памежнікі заявілі, што яна не мае права прасіць прытулку. Чацвёра супрацоўнікаў вывелі яе на тэрыторыю Турцыі", — расказвае праваабаронца.
Паводле інфармацыі Кісляка, беларусцы патлумачылі, што ў Грузію яе не пускаюць, бо яна "саджае кветкі". Жанчына сапраўды ўпрыгожвае свой двор малюнкамі і кветкамі ў Батумі, кажа Кісляк, але тлумачэнне выглядае вельмі дзіўным.
Дакументальна ва ўездзе адмоўлена з фармулёўкай "іншыя прычыны".
Паводле звестак Кісляка, з восені 2023 года гэта першы выпадак, калі грамадзян Беларусі не пускаюць у Грузію. Ён плануе арганізаваць пікет з патрабаваннямі да Дэпартамента міграцыі МУС і ўрада Грузіі. Таксама Кісляк плануе апратэставаць такія дзеянні памежнікаў у Дэпартаменце міграцыі ды звярнуцца да грузінскіх праваабаронцаў.
У красавіку 2023 года грузінскія памежнікі не пусцілі ў краіну актывіста "Беларускай дыяспары Аджарыі" Яўгена Гацака. Ён быў вымушаны з сям'ёй з'ехаць у Польшчу.
У першым квартале 2024 года 9 грамадзян Беларусі папрасілі ў Грузіі прытулку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.