Хор Гродзенскага музычнага каледжа пра выступ без гледачоў: Такое ў нас упершыню
Народны хор Гродзенскага музычнага каледжа выступіў у цэнтры горада толькі для сябе. На плошчы не аказалася людзей. Відэа з выступам Народнага хору на пустой плошчы ўжо паспела паглядзець некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Як распавёў Еўрарадыё дырэктар каледжа Аляксей Саладухін, ва ўсім вінаватае надвор'е:
"Такое ў нас адбылося ўпершыню. Звычайна ёсць людзі, нехта танцуе, водзяць карагоды вакол ёлкі. Калі б не дождж, там былі б людзі. Многа ці мала — пытанне іншае. Тым больш, нават на папулярных артыстаў не заўсёды прыходзяць. Мы не паспелі папярэдзіць вучняў, і яны прыйшлі і сумленна адпрацавалі. Хоць маглі і не рабіць гэтага. Пляцоўка адкрытая, яны пачалі выступаць, бо праграма ўжо была заяўленая, тым больш, раптам хто-небудзь бы падышоў. Але, на жаль, надвор'е ўсіх распужала, і таму ніхто не прыйшоў, напэўна".
Канцэрт быў запланаваны ў межах гарадскога святкавання, адсутнасць людзей не збянтэжыла артыстаў, яны выканалі сваю канцэртную праграму.