"Ідэалагічнае напаўненне бюджэту": эксперты адказваюць Клішэвічу пра айцішнікаў
Парк высокіх тэхналогій / park.by
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Клішэвіч нечакана разгаварыўся пра IT-сектар. Ён назваў яго анклавам, які "ніяк не залежыць ад нацыянальнай эканомікі, мае гіганцкі разрыў у даходах з асноўным насельніцтвам і вельмі невыразнае ідэалагічнае напаўненне".
— На мой погляд як дэлегата УНС, на фоне мер па ліквідацыі перадумоў пратэстаў неабходна максімальна звязаць IT-сферу дзяржаўнымі заказамі, што будуць аплачвацца ў кошт падатковых вылікаў, якія мае гэтая сфера, — кажа Клішэвіч.
Або дзяржзаказы, або валютная выручка
Эксперты Кастрычніцкага эканамічнага форуму разабралі заяву дэпутата. Яны адзначаюць, што выказванне супярэчыць пазіцыі беларускага ўрада, які любіць паразважаць пра экспартна арыентаваную эканоміку. Калі "звязаць" IT-сферу дзяржзаказамі, яна будзе абслугоўваць унутраны рынак і яе валютная выручка скароціцца.
— А больш чым 2,4 мільярда што застаюцца ў краіне валютнай выручкі пакуль яшчэ трымаюць беларускі рубель ад падзення. Усё ўзаемазвязана! — гаворыцца ў паведамленні КЭФ.
Не ўсё гладка і са сцвярджэннем, што IT-сфера — анклаў.
— "Анклаў" за 2020 год стварыў дзесяць тысяч працоўных месц, а "залежны ад нацыянальнай эканомікі" дзяржсектар пазбавіўся 43,5 тысяч чалавек. Менавіта цесная інтэграцыя ў эканоміку — наяўнасць унутранага рынку спецыялістаў і інфраструктуры іх падрыхтоўкі — пакуль яшчэ ўтрымлівае IT-бізнес у Беларусі, — працягваюць эксперты КЭФ.
Зрэшты, дырэктар кампаніі-рэзідэнта ПВТ Iomico Мікалай Мурзянкоў згодны з тым, што большасць IT-кампаній, якія працуюць у Беларусі, не залежаць ад беларускай эканомікі.
— Каля 95 працэнтаў заказаў, якія атрымліваюць рэзідэнты ПВТ, зыходзяць з Еўропы і ЗША.
Таксама дэпутат кажа пра разрыў паміж даходамі айцішнікаў і "асноўнага насельніцтва". Але ён цалкам заканамерны. Бо чыноўнікі дэкларуюць, што заробкі ў Беларусі залежаць ад прадукцыйнасці працы. А па выніках 2018 года, да прыкладу, прадукцыйнасць працы ў сектары "інфармацыйныя тэхналогіі і дзейнасць у галіне інфармацыйнага абслугоўвання" ў 2,56 раза перавышала прадукцыйнасць работнікаў у астатняй (ці правільна казаць "асноўнай"?) эканоміцы.
Калі "перасадзіць" IT-сферу на дзяржзаказы, яе прадукцыйнасць дакладна знізіцца. Паводле логікі чыноўнікаў, заробкі ў "анклаве" ў такім выпадку павінны пайсці насустрач заробкам "асноўнага насельніцтва". Але на практыцы наўрад ці можна вось так вось узяць і заўтра пачаць плаціць айцішнікам менш, чым сёння. Канкурэнцыя за кадры ў гэтай сферы высокая, а падзенне даходаў толькі стымулюе спецыялістаў да пераезду з Беларусі.
"Падатковы рай" ёсць не толькі ў Беларусі
Калі гаварыць пра падатковыя вылічэнні, якія дэпутат прапануе IT-кампаніям адпрацаваць на дзяржзаказах, то гэтыя льготы былі прадастаўлены прэзідэнцкім дэкрэтам "у мэтах развіцця Парку высокіх тэхналогій, інавацыйнай сферы і пабудовы сучаснай лічбавай эканомікі". Паводле разлікаў КЭФ, ужо сёння сярэдні работнік з ПВТ плаціць у 3,5 разы больш падаходнага падатку, чым сярэдні работнік у эканоміцы:
— Асноўны фактар вытворчасці ў ПВТ — гэта чалавечы капітал. Паспрабуйце прывабіць у Беларусь інвестара, сказаўшы яму: "Толькі заплаці, сябрук, 34 адсоткі з прыбытку, які ты атрымаеш са сваіх інвестыцый!” Чалавечы капітал нічым не адрозніваецца. Людзі, якія інвеставалі свае час і намаганні ў адукацыю і навыкі, наўрад ці ўзрадуюцца, калі іх даход раптам апынецца на 34 адсоткі менш за чаканы.
Адмена падатковых вылікаў ці неабходнасць іх адпрацаваць, якая маячыць на гарызонце, наўрад ці спрыяюць жаданню айцішнікаў заставацца ў Беларусі.
— Адно з асноўных пытанняў, які мы чуем ад кандыдатаў пры прыеме на працу: “Вы прадастаўляеце рэлакацыю?" Дарэчы, проста цяпер мы далі сваім супрацоўнікам магчымасць з'ехаць ва Украіну і Польшчу. У спісе маіх сяброў і знаёмых такіх сотні, — кажа Мікалай Мурзянкоў.
Суразмоўца Еўрарадыё распавядае, што пасля жнівеньскіх падзей стаў вывучаць іншыя юрысдыкцыі. І выявіў ,што "падатковы рай" для IT-бізнесу можна знайсці не толькі ў Беларусі.
— Умовы ў некаторых юрысдыкцыях аказаліся нават лепшымі. Таму цяпер уплыў прэферэнцый [якія гарантавала сяброўства ў ПВТ. — Еўрарадыё] вельмі нізкі. Я б нават сказаў, мізэрны.
З пачатку пратэстаў Польшча паспела выдаць беларускім айцішнікам больш за 2,5 тысячы віз для рэлакацыі. Ва Украіну з'ехалі каля дзвюх тысяч спецыялістаў.
"Ідэалагічнае напаўненне" бюджэту
Што да "невыразнага ідэалагічнага напаўнення" IT-сектара, КЭФ прапануе чыноўнікам паглядзець на сітуацыю шырэй і ўвесці паняцце "ідэалагічнае напаўненне бюджэту". Каб яно было максімальна выразным, заробак тым, хто лічыць ідэалогію асновай эканомікі, павінен выплачвацца за кошт ідэолагаў.
Мікалай Мурзянкоў лічыць карыснай для сябе і для бізнесу ідэалогію, сфармаваную пад уплывам заходніх каштоўнасцей.
— Для нас чалавек, які самастойна мысліць, — гэта каштоўнасць. А той, кім кіруюць, — недагляд. Адзіныя каштоўнасці, якія будуць навязвацца ў сталай ІТ-кампаніі, — гэта наяўнасць свайго меркавання па ўсіх пытаннях жыцця кампаніі і павага да меркавання іншага. Павінны быць выключаны таксічнасць, хейт і нецярпімасць да іншых людзей па прычынах расавай, палавой, рэлігійнай, сацыяльнай ці нацыянальнай прыналежнасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.