Іван Эйсмант абрынуўся з крытыкай на незалежныя СМІ. Адказваем
У праграме "Скажи не молчи" на “Беларусь 1” кіраўнік БТ Іван Эйсмант пракаментаваў закрыццё карпункта Еўрарадыё ў Мінску. За няпоўныя дзве хвіліны прагучала некалькі як сур'ёзных, так і абсурдных абвінавачанняў у наш бок і ў бок незалежных беларускіх медыя ўвогуле:
— быццам бы незалежныя беларускія СМІ "бралі ўдзел у барацьбе з дзяржавай" і нават "узначальвалі каляровую рэвалюцыю";
— быццам бы незалежныя беларускія СМІ "перакручваюць і скажаюць факты";
— быццам бы 95% таго, што Еўрарадыё піша пра БТ, гэта фэйкі;
— быццам бы нас фінансуюць з-за мяжы, каб мы фармавалі негатыўны парадак дня;
— быццам бы калі СМІ фінансуецца з-за мяжы, то ў яго "няма выбару, што пісаць";
— быццам бы Еўрарадыё "ніводнага добрага слова" не сказала пра Беларусь.
Гэта ўсё няпраўда.
Еўрарадыё не брала, не бярэ і не будзе браць удзел у "барацьбе з дзяржавай" і не ўзначальвае ніякіх каляровых рэвалюцый. Мы хацелі б працаваць у Беларусі — самастойнай і незалежнай. На жаль, улады пазбавілі нас такой магчымасці.
Не будзем гаварыць за ўсе незалежныя СМІ, але мы не перакручваем і не скажаем фактаў. Так, мы працуем хутка і часам мы дапускаем памылкі — але ўвогуле не памыляецца той, хто нічога не робіць. Калі нам паказваюць на памылку, мы заўсёды выпраўляем яе.
Аднойчы Іван Эйсмант размаўляў з нашым галоўным рэдактарам Паўлам Свярдловым. Кіраўнік БТ папракаў Еўрарадыё тым, што мы нешта не тое напісалі пра ўдзел Беларусі ў "Еўрабачанні". Але мы не публікавалі такога артыкула, які прыпісваў нам Эйсмант, — ён нас з некім пераблытаў. Тады ж яму было сказана пра гэта. Але ён дагэтуль прыгадвае той эпізод. Сцверджанне пра тое, што 95% таго, што Еўрарадыё піша пра БТ, гэта фэйкі, відавочна абсурднае.
Еўрарадыё — замежнае медыя. Цалкам лагічна, што яно фінансуецца з-за мяжы. Мы ніколі гэтага не хавалі. Як не хавалі і таго, што самі вызначаем сваю рэдакцыйную палітыку. Ніхто не ўказвае нам, што пісаць.
Што да негатыўнага парадку дня, дык гэта не віна журналістаў, што ў Беларусі адбываецца столькі негатыўных падзеяў. Гвалт з боку сілавікоў, глыбокі крызіс у грамадстве, заходнія санкцыі — адказнасць за ўсё гэта ляжыць не на журналістах, а на тых, хто ў Беларусі прымае рашэнні. Гэта значыць, на беларускіх уладах. З іншага боку, абавязак журналістаў — асвятляць тое, што адбываецца, і называць рэчы сваімі імёнамі.
За 15 гадоў існавання Еўрарадыё шмат добрых словаў сказала пра Беларусь. І мы працягваем рабіць гэта нават пасля закрыцця нашага карэспандэнцкага пункта: паглядзіце хаця б апошні выпуск "Стартапніцы" пра выдатны праект, які рэалізуюць таленавітыя беларускія прадпрымальнікі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.