Іван Шыла: нястрашная польская падатковая, клінінг ва Украіне і парады палітыкам
Іван Шыла / Еўрарадыё
На канферэнцыі "Новая Беларусь" у Вільні палітыкі шмат гаварылі пра бізнес. І Еўрарадыё папрасіла бізнес пагаварыць пра палітыкаў.
Сузаснавальнік клінінгавай кампаніі Cleanwhale Іван Шыла за апошнія паўтара года змог адкрыць філіялы ў трох польскіх гарадах: Варшаве, Кракаве і Вроцлаве. А яшчэ Cleanwhale пачаў працаваць у Берліне і зарэгістраваў кампанію ў Празе.
Пры гэтым сэрвіс не прыпыніў працу і ва Украіне: клінеры змаглі працягваць працаваць і атрымліваць заробкі ў свеце, дзе прыборка патрэбна не пасля вечарынкі, а пасля абстрэлу.
Як дэмсілам выбудоўваць адносіны з бізнесам, быць настолькі ж эфектыўнымі ў эміграцыі, наколькі эфектыўны бізнес і як угаварыць бізнесменаў аднойчы вярнуцца ў "Новую Беларусь"? Распыталі Івана Шылу.
"Працаваць у сферы паслуг у Польшчы прасцей, чым у Беларусі"
Cleanwhale — польская фірма, а не філіял беларускай кампаніі. Гэта значыць, што беларусы плацяць падаткі ў Польшчы. А яшчэ гэта значыць, што кожны ахвотны можа лёгка даведацца, што Cleanwhale валодаюць беларусы: у Польшчы атрымаць інфармацыю пра канчатковых бенефіцыяраў кампаніі вельмі лёгка.
У 2020 годзе быць беларусам у выгнанні было камфортна. У 2022 годзе ўсё стала крыху складаней.
— Пасля лютага [пачатак поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. — Еўрарадыё] мы сутыкнуліся з адваротным. Людзі даведваліся, што фірма належыць беларусам, пісалі ў каментарах, што мы зарабляем тут грошы, каб аплачваць паслугі АМАПа дома. Але масавымі гэтыя каментары не былі.
Калі каментатары не могуць вывесці бізнесмена ў эміграцыі з сябе, то, можа, падатковая і іншыя правяральнікі змогуць?
— У Польшчы крыху адрозная ад Беларусі сістэма падаткаабкладання. Перад запускам бізнесу варта схадзіць да кансультанта, які раскажа, як усё гэта працуе.
Але ў цэлым калі вы працавалі ў сферы паслуг і ў вас усё атрымлівалася ў Мінску, то, напэўна, вы адкрыеце для сябе, што патрабаванні ў Польшчы да вашага сэрвісу ніжэйшыя. А грошай вы можаце зарабляць больш, таму што людзі тут багацейшыя, такім чынам, і цэны на іх паслугі вышэйшыя.
Яшчэ адзін плюс — ты менш думаеш пра праверкі. Адкінем палітычныя пытанні: у Беларусі любыя кантакты з падатковай вельмі небяспечныя, і ты не заўсёды разумееш, ці на адной мове вы размаўляеце.
А мэта падатковай не ў тым, каб закрыць бізнес. Мэта падатковай — зрабіць так, каб ты плаціў падаткі. А ў Беларусі некаторыя інспектары думаюць, што галоўнае — атрымаць вялікі штраф сёння, і ўсё роўна, ці закрыецца кампанія заўтра.
Я зусім не агітую пераязджаць, у мяне няма дакладнага меркавання, як павінен дзейнічаць сёння бізнес, які застаецца ў Беларусі. Я толькі магу сказаць, што баяцца гэтага пераезду не варта. Бізнес у Польшчы весці як мінімум не складаней, чым у Беларусі.
"Падатковы рай — гэта добра, але можна рабіць нешта карыснае ўжо сёння"
Раз у вас усё так добра атрымліваецца, можа, самы час падтрымаць рублём дэмсілы? Напрыклад, на Канферэнцыі гучала прапанова "ф'ючэрсаў на падаткі" — гэта значыць вы падтрымліваеце нас рублём цяпер, а ў "Новай Беларусі" акунаецеся ў падатковы рай.
— Разлічваць на тое, што гэта будзе масавая з'ява, не варта. Падтрымліваць трэба дзеянне, а не проста "барацьбу з рэжымам". Незразумела, у чым яе вымяраць, калі рэжым не мяняецца.
Мне не хочацца патрабаваць чагосьці немагчымага: стварэння войска або беларускага банка за мяжой. Мне здаецца, што вынікі Канферэнцыі нядрэнныя, людзі не пасварыліся, а гэта новы досвед для беларускіх кангрэсаў. Уменне дамаўляцца — гэта цалкам сабе бізнес-гісторыя.
Бізнесу патрэбны праекты. "Падатковы рай" у Беларусі гэта добра, але ёсць рэчы, якія маглі б быць карысныя ўжо сёння. Добрая ідэя — бізнес-асацыяцыя, якая дапамагае знаходзіць патэнцыйна лаяльных партнёраў або кліентаў толькі таму, што ты беларус. Нядрэнная стратэгія. Можа, не вельмі справядлівая, але рабочая.
Бізнес — гэта не пра кумаўство, гэта пра кантакты. З беларусамі, з якімі ў вас ёсць агульныя ўспаміны і чаканні ад будучыні, прасцей дамаўляцца.
Яшчэ адна жыццяздольная ідэя — "лічбавая Беларусь". Платформу, з дапамогай якой можна літаральна падлічыць, колькі беларусаў — прыхільнікаў дэмсіл жыве ў эміграцыі, можна выкарыстоўваць і ў размовах з еўрапейскімі палітыкамі. А яшчэ яе можна выкарыстоўваць, каб знаходзіць супрацоўнікаў, партнёраў, кліентаў, праграмы падтрымкі.
— А многія беларусы ў эміграцыі шукаюць "свой" бізнес, імкнуцца трапіць на працу да "сваіх"?
— У нас працуе шмат беларусаў, але мы не можам кагосьці пазітыўна дыскрымінаваць. Да таго ж ёсць клінеры з Украіны, якія маюць патрэбу ў падтрымцы не меншую, чым беларусы.
"Многія клінеры засталіся ў Кіеве, і мы вырашылі даць ім працу"
З самага пачатку вайны прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прасіў бізнес не пераставаць працаваць, падтрымліваць эканоміку. Беларусы таксама не сталі закрываць свой філіял у Кіеве.
— Мы не зарабляем грошы ў Кіеве, мы дапамагаем менеджарам, клінерам і ўкраінскай эканоміцы. І гэта важна, гэта ўплывае на абараназдольнасць Украіны. Мы вырашылі працаваць.
Нават калі з'яўляліся паведамленні пра тое, што Кіеву застаецца 12 гадзін, большасць нашых клінераў не пакінулі горад. Яны як маглі дапамагалі сваёй краіне. Хтосьці быў у тэрабароне, хтосьці плёў маскіровачныя сеткі.
Некаторыя клінеры прыехалі ў Польшчу і працягвалі працаваць у нас. Але большасць з іх вярнуліся ва Украіну, як толькі гэта стала магчымым. І гэта нас здзівіла і кранула. Людзі хутка знайшлі працу ў Варшаве, знайшлі кватэры, маглі тут застацца — але сказалі, што павінны вярнуцца дадому.
Для нас гэта пра ўдзел у падтрымцы ўкраінскай эканомікі, а не пра бізнес, які прыносіць грошы. Хутчэй, наадварот: мы падтрымліваем яго з грошай, якія зарабляем у Польшчы.
Пры гэтым рахункі кампаніі ва Украіне да гэтага часу заблакаваныя. Адказныя службы хутка выявілі, што бенефіцыяры кампаніі — беларусы, і перапіска, у якой Cleanwhale спрабуе даказаць, што не мае дачынення да рэжыму Лукашэнкі, усё яшчэ працягваецца.
А што вы зрабілі за два гады?
Карацей, у беларускіх бізнесменаў у эміграцыі пытанне "а што вы зрабілі за два гады?" выклікае куды як менш нервовую рэакцыю, чым у беларускіх палітыкаў. Таму Еўрарадыё папрасіла бізнес параіць дэмсілам, як быць настолькі ж эфектыўнымі.
Сам Шыла, праўда, лічыць, што цяпер не самы лепшы момант лезці да палітыкаў з парадамі.
— Я б сёння дакладна не сварыўся на палітыкаў і не казаў ім пра KPI, не вінаваціў бы гэтых ахвярных людзей, якія трацяць свой час, жыццё, атрымліваюць невысокія заробкі — і не ведаюць напэўна, якім будзе вынік.
Тое, што мы называем палітыкай у Беларусі, гэта не палітыка. Палітыка — гэта калі ты прыкладаеш намаганні і атрымліваеш вынік. Ці можаш скарэктаваць свае няправільныя дзеянні — і тады ўжо дакладна прыйсці да выніку.
У нас жа палітычныя рухі і лідары ёсць, але яны не ўплываюць на тое, што адбываецца ў Беларусі. І ў гэтым няма іх віны. Ёсць сумны і досыць змрочны момант, калі не час лезці з парадамі.
Што вам прапанаваць, каб вы вярнуліся?
Гады пройдуць, Шыла і яго каманда абжывуцца ў Польшчы — што прымусіць іх вярнуцца ў Беларусь?
— Чым больш часу праходзіць, тым менш шанцаў, што бізнес вернецца. Гэта звязана з тым, што чалавеку не так і проста раз за разам рабіць перавароты ў сваім жыцці, усё перавозіць і пачынаць спачатку. Дый ёсць людзі, якія проста хочуць зарабляць грошы.
Сёння ў Польшчы і Літве даволі проста атрымаць гуманітарны ВНЖ. А гэта значыць, што на працягу сямі-васьмі гадоў Польшча згодная даць грамадзянства 150 тыс. беларусам. Чым даўжэй будзе працягвацца эміграцыя, тым больш людзей атрымае другое грамадзянства. Ім будзе складаней вярнуцца.
Але заўсёды будуць тыя, хто не захоча проста зарабляць грошы. Будуць і тыя, хто захоча ўдзельнічаць у працэсах, прымаць рашэнні, рэалізоўваць ініцыятывы, якія грошай не прыносяць, але прыносяць задаволенасць сабой і паляпшэннямі, якія прынёс у свет. Ці проста ў Беларусь.
— Мы ж памятаем гісторыю Віктара Пракапені, які доўга жыў у Лондане, а потым атрымаў магчымасць не толькі зарабляць, але і ўплываць на працэсы, і яму гэта спадабалася. І кіраўнікам айці-кампаній спадабалася адчуваць сувязь з краінай — што ў тым ліку і прывяло да 2020 года.
Шмат хто вернецца, таму што ты можаш быць сярэднебагатым чалавекам у Лондане, але не быць часткай лонданскага істэблішменту. А ў Беларусі табе ўсё зразумела. Ты можаш рабіць выдатныя нематэрыяльныя рэчы, можаш рэалізоўваць карысныя ініцыятывы. А гэта даражэй за грошы. Ну, калі ты ўжо зарабіў хоць бы мільён.
Нам не трэба прыдумляць ідэальнае грамадства. Усё ўжо прыдумана: падзел уладаў, незалежны суд, свабодная прэса, справядлівыя выбары. І як толькі гэта вернецца ў Беларусь, вернуцца і людзі.
А досвед жыцця за мяжой такой вялікай колькасці беларусаў таксама карысны. Падгледзеў ты, як выбудаваны веладарожкі ў галандскім Эйндхавене — і паўтарыў тое самае ў Салігорску, кажа Шыла.
— Няма праблемы ў тым, што людзі выязджаюць з краіны. Галоўнае, каб адначасова з гэтым людзі ў яе прыязджалі.
— Але пакуль бізнес сыходзіць з Беларусі. Гэта катастрофа або "так вам і трэба"?
— Катастрофа. Так, гэта катастрофа. Я не ведаю, ці можна было будаваць ілюзіі, што нешта пойдзе па-іншаму. Ідзе вымыванне велізарнай колькасці ініцыятыўных людзей з краіны. Мы страцім шмат часу.
"Год за дзесяць". Мы губляем год — але наступствы будуць адбівацца яшчэ дзесяць гадоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.