Кадэбісты здзівіліся, што Пачобут атрымаў штраф

Гродзенскага журналіста польскай "Газэты Выборчай" Анджэя Пачобута ў Кастрычніцкім судзе Мінску пакаралі штрафам за ўдзел у акцыі 19 снежня. Ён павінен будзе выплаціць 1 мільён 750 тысяч рублёў (50 базавых велічыняў).  Як паведаміў у эфіры Еўрарадыё Пачобут, гэты прысуд стаў нечаканасцю і для яго, і для супрацоўнікаў КДБ, якія даставілі яго ў Мінск. "І затрыманне, і тое, што мяне ўначы дастаўлялі ў Мінск — усё сведчыла, што будзе адміністрацыйны арышт", — кажа Пачобут. Па словах журналіста, адзін з супрацоўнікаў нават сказаў: "Я не разумею, чаму яго тады цягнулі ўначы з Гродна?"
 
Гродзенец пастаянна казаў суду, што прысутнічаў на Плошчы ў якасці журналіста. Доказам гэтага ён называў артыкул у "Газэце Выборчай", які выйшаў 20 снежня: Пачобут быў адным з яго аўтараў. Аднак суд не ўзяў пад увагу ніякія аргументы гродзенца наконт журналісцкай працы.