Калеснікавай у калоніі не перадаюць лісты і рвуць іх у яе на вачах — НЧ
Марыя Калеснікава падчас суда
Палітзняволенай Марыі Калеснікавай у гомельскай калоніі №4 з кастрычніка 2023 года не перадаюць лісты і рвуць іх у яе на вачах. Пра гэта піша "Новы Час" са спасылкай на ўласную крыніцу.
Паведамляецца, што адміністрацыя калоніі здзекуецца з Калеснікавай. Калі Марыя прасіла пра меддапамогу, лекараў да яе "вельмі доўга" не дапускалі. Адзін раз, са словаў крыніцы, жанчыну ўсё ж вадзілі ў медчастку, але вынікі гэтага паходу невядомыя.
"Калі Марыю Калеснікаву кудысьці вядуць, перакрываюць усю турму. Такое адчуванне, нібыта вайсковае становішча", — кажа суразмоўца НЧ.
Таксама крыніца выдання кажа пра псіхалагічны ціск на палітзняволеную праваабаронцу Насту Лойка: супрацоўнікі калоніі маніпулююць звесткамі пра тое, ці памёр яе сабака.
Увогуле наглядчыкі ў калоніі маніпулююць любымі чуткамі, плёткамі і асабістымі звесткамі пра зняволеных. "Зняволенай, мужа якой затрымалі адразу пасля спаткання з ёй, паўтараюць, што гэта яна яго пасадзіла", — распавядае крыніца. Таксама зняволеным да апошняга моманту не кажуць, ці будзе ў іх спатканне са сваякамі, ці проста пазбаўляюць такога спаткання.
Паводле словаў крыніцы, зняволеных жанчын у гомельскай калоніі прымусілі разбіраць мяхі з гнілой бульбай, а потым цэлы месяц яны гэтай бульбай харчаваліся. Адна з супрацоўніц калоніі раздавала суп і казала зняволеным: "Я забараняю вам гэта есці".
Здзекуюцца з вязняў і лекары. Адна з зняволеных праз праблемы з ціскам губляла прытомнасць на пастраенні. "Ёй хацелі даць нейкую таблетку, але ж жанчына нават не магла дайсці да стала з лекамі — уставала і падала, уставала і падала. Тады лекар сказаў абыякава: не можаш ісці? Паўзі", — распавядае крыніца НЧ.
Іншая зняволеная заразілася ў калоніі каростай. Аднак лекары казалі, быццам гэта проста нейкая алергія.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.