Калі вага наркотыкаў мае значэнне

Збыт альбо захоўванне нават мінімальнай дозы наркотыкаў можа скончыцца турэмным зняволеннем на тэрмін ад 8 да 13 гадоў. Такую змену прапанавалі ўнесці днямі ў адпаведны закон дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Кажуць, гэта выклікана значным ростам незаконнага абарачэння наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў у Беларусі ў апошні час.

Раней да крымінальнай адказнасці прыцягвалі толькі тых, у каго знаходзілі “буйнýю партыю” наркотыкаў. 1 грам гераіну альбо 500 грамаў высушанай марыхуаны ўжо лічыліся такой партыяй і адразу вялі за краты. Меншая вага небяспекі ў крымінальным сэнсе не ўяўляла, калі толькі аматара кайфу не лавілі за руку падчас продажу забароненага рэчыва.

Цяпер жа і распаўсюднікі, і спажыўцы аднолькава рызыкуюць апынуцца на лаве падсудных. Пазіцыю праваахоўных органаў на гэты конт агучыў кіраўнік упраўлення па незаконным абарачэнні забароненых наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў Алег Пякарскі.

Алег Пякарскі: “Я вам скажу так — і тое, і другое з’яўляецца злачынствам. І насіць з сабой наркотыкі — ужо з’яўляецца дзеяннем, за якое належыць крымінальнае пакаранне.

Калі нам становіцца вядома, што наркотыкі носяць з мэтай продажу, мы яго прыцягваем па больш складаных артыкулах з больш жорсткім пакараннем. Калі проста ў кішэні носіць наркотыкі для сябе — за захоўванне”.


З такім падыходам катэгарычна не згодныя медыкі, якія займаюцца лячэннем наркаманаў ад наркатычнай залежнасці. На думку спецыяліста медыцынскага цэнтра “Парацэльс” Ганны Краўчанка, карысці ад таго, каб усіх перасаджаць, не будзе.

Ганна Краўчанка: “Мінімальную дозу, якую наркаман можа мець з сабой, неабходна не памяншаць, а павялічваць. 1 грам — гэта вельмі мала. Наркаман — чалавек хворы, і ён у кожным выпадку будзе гэты грам з сабой насіць.

Неабходна прымаць іншыя меры. Весці больш жорсткі кантроль за месцамі распаўсюду наркотыкаў і тым, як яны трапляюць на тэрыторыю нашай краіны. Такім чынам, неабходна змагацца з гэтай бядой, а не людзей саджаць у турмы.

Саджаць можна колькі заўгодна, але гэта не дапаможа зменшыць колькасць наркаманаў. Акрамя таго, як вызначыць: распаўсюднік ты ці наркаман? Атрымліваецца, што гэта не мае вялікага значэння і вас усё адно пасадзяць, так?”


Сыходзячы са слоў Алега Пякарскага, сапраўды так. Калі “браць” усіх, пачынаючы са спажыўцоў наркотыкаў і дробных гандляроў, можна ўрэшце дайсці і да буйных дылераў. А калі медыкі так клапоцяцца пра лёс наркаманаў, то неабходна ствараць цэнтры па бяспланай раздачы ін’екцый пад кантролем дактароў.

Не згодныя з парламентарыямі і міліцыянтамі і сябры Рэспубліканскага грамадскага таварыства “Маці супраць наркотыкаў”. Па словах кіраўніцы таварыства Алены Пісарэнка, яны нават ліст са сваімі аргументамі супраць зменаў у закон дасылалі ў Палату прадстаўнікоў. Але ніякага адказу не атрымалі.

Алена Пісарэнка: “У нас ужо ёсць бацькі, дзяцей якіх судзілі за 0,72 грама і далі год умоўна. А зараз бачыце, да чаго яны падводзяць. І такія вялікія тэрміны.

Учора да нас звярнулася маці з невялічкага гарадка непадалёк ад Мінска, сын якой вернуўся з турмы наркаманам. Я хачу сказаць, што турма ад пакарання не ратуе. І тое, што нашы парламентарыі такія рэчы выдумляюць… Бедныя яны людзі.

Калі я думаю пра тое, што кожны на Страшным судзе будзе даваць справаздачу таго, што ён зрабіў, мне проста плакаць хочацца за іх”.


Фота — www.zelao.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі