Камедыя “Любовь-морковь” будзе ісці ў мінскіх кінатэатрах з 6 сакавіка

Пачынаючы з 6 сакавіка ў мінскіх кінатэатрах будзе ісці камедыя “Любовь-морковь” рэжысёра Аляксея Стрыжэнава. У ёй Гоша Куцэнка грае бландынку, Крысціна Арбакайтэ —  Гошу Куцэнку і г.д.
А адбываецца гэта таму, што яны дзіўным чынам мяняюцца целамі. І ўсё гэта дзеля таго, каб адчуць адзін аднаго і захаваць сваё каханне.

Фільм багаты на “зорак”, яны мільгацяць нават ў эпізодах. Ды што там у эпізодах — калі ў кадр трапляюць фотаздымкі з паліцы, то на іх сям’я Ельцыных ці сям’я Клінтанаў…

Беларусаў, напэўна, прывабіць яшчэ адно імя, якое ў нашай свядомасці пакуль асацыюецца з сучаснай беларускай драматургіяй. Сцэнарыст фільма Андрэй Курэйчык. Пра свой сцэнар і тое, як ён змяняўся, распавядае ён сам.

Андрэй Курэйчык: “Мой сцэнар, які я пісаў, не быў такім гламурным. Ён не быў пра нейкіх неверагодна багатых людзей, якія ездзяць толькі на сямёрках БМВ, п’юць неверагодна дарагую гарэлку, жывуць у пэнтхаузах на Чыстых Прудах і г.д.

Яго (рэжысёра) асноўная функцыя была ў тым, каб надаць сцэнару максімальную гламурнасць і багацце”.

Пра тое, як выбіралі акцёраў на галоўныя ролі, распавядае сцэнарыст.

Андрэй Курэйчык: “Гоша быў абраны адразу. Быў патрэбны чалавек з вельмі рухомай унутранай арганізацыяй, які не пабаіцца выйсці са свайго вобраза, які ўжо склаўся.

Мы адразу яму сказалі, што вылучым яго на лепшую жаночую ролю, няхай не хвалюецца, атрымае свае кінаўзнагароды.

Што тычыцца галоўнай гераіні, тут ішла бітва. Але дзіўным чынам, калі пачаліся пробы з Арбакайтэ, стала адчувацца блізкасць яе з Куцэнка.

Па-першае, нават знешне. Па-другое, аказалася, што і па ўнутранай арганізацыі яны пасуюць адзін аднаму, яны лёгка разумеюць адзін аднаго і капіруюць”.


Ці беларускі аўтар Курэйчык, сказаць усё складаней, бо працуе ён у Маскве і піша па-руску. Але пакуль ён яшчэ “наш”, і фільм “Любовь-морковь” крышачку “наш”, можна сцвярджаць наступнае.

У такі шырокі пракат фільм беларускага сцэнарыста выходзіў апошні раз у канцы 80-х гадоў. Гэта быў “Белыя Росы” па Дудараву. “Белыя Росы” мы памятаем і ўзгадваем і цяпер, што ж прагназуюць глянцаваму “Любовь-моровь” кінакрытыкі? Гаворыць кінакрытык Антон Сідарэнка.

Антон Сідарэнка: “Гэта тыпова прадзюсерскі праект, калі ні рэжысёр, ні тым больш сцэнарыст не вырашаюць, якім будзе кіно. Ніякай мастацкай якасці гэтая стужка не мае. Я думаю, што жыхары Мінску проста не заўважаць гэтага фільма.

Напэўна, будуць вялікія паказчыкі, таму што на святы шмат людзей пойдуць у кінатэатры. Каса, відаць, будзе вялікая, тым больш, што гэты фільм будзе паказвацца адразу ў пяці сталічных кінатэатрах”.

Складана знайсці звышмастацкія якасці там, дзе ад пачатку мастацкіх мэтаў не ставілася. Курэйчык называе фільм камерцыйным праектам, распавядае пра бюджэт, схаваную рэкламу, піяр-хады прадюсераў:

 “Праз месяц кіно пакажуць па ОНТ. Святы граюць на руку, калі ўсё складзецца плённа, восенню здымем “Любовь-морковь-2”.

Першае, што прыходзіць у галаву большасці гледачоў фільма, — параўнанне з Галівудам. Але ёсць відавочная розніца, прычым гаворка не пра форму, а пра змест. Працягвае крытык Аляксей Стрэльнікаў.

Аляксей Стрэльнікаў: “Нават такую прадукцыю можна рабіць больш-менш асэнсавана. Вось мы лаем Галівуд, але там нават абсалютна пустая камедыя, як гэтая, выяўляе нейкія сацыяльныя пласты.

Дэмакратызм амерыканскай кінаіндустрыі ў тым, што праз яе можна пачуць простага амерыканскага чалавека. Расійскі кінематограф пакуль што да такога не дарос, там, збольшага, сродкамі кіно размаўляюць тыя, у каго ёсць на гэта сродкі”.

Спрэчкі пра камерцыйнае кіно не змаўкаюць, але такое кіно рублём адказвае на ўсе пытанні. Людзі набываюць квіткі, глядзяць яго, а значыць, яно патрэбнае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі