Канада зняла гандлёвыя санкцыі з Беларусі

Канада зняла гандлёвыя санкцыі з Беларусі

Канада абвясціла, што здымае эканамічных санкцый з Беларусі. Гэта вынікае з пастановы, апублікаванай 12 ліпеня ва ўрадавым выданні Canada Gazette.

"У адпаведнасці з абавязальніцтвамі ўрада Канады па дыпламатычным ўзаемадзеянні з міжнароднай супольнасцю і ў адказ на нядаўнія пазітыўныя змены ў Беларусі ўрад Канады абвяшчае пра сваё рашэнне вывесці Беларусь з Рэгіянальнага кантрольнага спісу", — гаворыцца ў дакуменце.

Канада наклала гандлёвыя абмежаванні на Беларусь яшчэ ў снежні 2006 года. Працэдура зняцця санкцый пачалася ў маі 2016 года.

У пастанове адзначана, што ўрад Канады заўважае паляпшэнне адносінаў Беларусі з США і Еўрапейскім саюзам. Таксама канадскія чыноўнікі звяртаюць увагу на паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў нашай краіне, "у тым ліку вызваленне палітычных вязняў і правядзенне прэзідэнцкіх выбараў у кастрычніку 2015 года, што прадэманстравала вялікую прыхільнасць міжнародным нормам і не было адзначана ўзроўнем гвалту і запалохвання, якімі суправаджаліся папярэднія выбары". 

Таксама Канада "прызнае канструктыўную ролю, якую Беларусь адыгрывае ў правядзенні перамоваў у напрамку спынення агню і падпісання мірных пагадненняў па Украіне ў верасні 2014 і лютым 2015 года".

Нягледзячы на санкцыі, за апошнія пяць гадоў беларускі экспарт у Канаду вырас з $34 млн (2012) да $53,7 (2016).

Доўгі час інтарэсы Канады ў нашай краіне прадстаўляў часовы павераны. Але ў снежні 2016 Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы ад пасла паўночнаамерыканскай дзяржавы Стывена дэ Бора.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі