Кандрацьеў: Прыйдзе супертрэнер і будзе ўсіх граміць, а я ― проста балець
Еўрарадыё высвятляе, ці падасць у адстаўку кіраўніцтва Федэрацыі футбола ўслед за галоўным трэнерам.
Георгій Кандрацьеў сышоў з пасады галоўнага трэнера зборнай Беларусі на сумнай ноце. Перажыванні настаўніка яшчэ пасля стартавага матчу з Люксембургам выліліся для яго ў лякарню.
“Так, Георгій Пятровіч знаходзіўся ў бальніцы, — пацвярджае Андрэй Зыгмантовіч, асістэнт Кандрацьева па нацыянальнай зборнай, які пакуль застаецца на пасадзе. — Больш ні на якія пытанні адказваць не буду. Не хачу ўлазіць у гэтае дз…о”.
Калі казаць, што настрой самога Георгія Кандрацьева дрэнны, то гэта вельмі мяккая фармулёўка.
“Прабачце, я ўжо інтэрв’ю даваць не хачу. Новага сказаць нічога не магу, а проста так балбатаць не хачу. Зараз прыйдзе які-небудзь супертрэнер і будзе граміць усіх, — з крыўдай у голасе іранізуе Георгій Пятровіч. — А я буду балець за зборную”.
Відавочна, што Кандрацьеў і Зыгмантовіч шмат чаго недагаворваюць. І аргумент пра тое, што ў нацыянальнай камандзе кадравы голад, выглядае няпоўным.
“І Георгій Кандрацьеў, і футбалісты зборнай — гэта толькі прадукты таго, што адбывалася ў нашым футболе апошнімі гадамі. І мне здаецца, што Георгій паспяшаўся, абраўшы для сябе сыход. Напэўна, чалавеку трэба было даць дапрацаваць, — выказваецца Мікалай Шпілеўскі, футбольны агент, які ў свой час раскруціў Аляксандра Глеба. — У футбалістаў было і жаданне, і воля да перамог, але не хапіла выканаўчага майстэрства. Таму асабіста мне хацелася б звярнуцца да кіраўнікоў нашай футбольнай гаспадаркі, каб там не шукалі казлоў адпушчэння, як здарылася з Жорам Кандрацьевым. Хачу спытацца, хто менавіта адказвае за стратэгію развіцця беларускага футбола? І мне незразумела. Ёсць нашы спецыялісты, якія жывуць у Еўропе. Той жа Сяргей Алейнікаў, той жа Саша Глеб маглі б даць практычныя парады, той жа Мікалай Шпілеўскі, хоць пра самога сябе казаць не хочацца. Але да мяне ніхто ніколі не звяртаўся, нават каб правесці хаця б агульную канструктыўную гутарку”.
Сапраўды, кіраўніку Беларускай федэрацыі футбола пакуль на арэхі не даставалася. Віну негалосна спіхнулі на Кандрацьева і нібыта слабых футбалістаў зборнай. А людзі, адказныя за ўвесь футбольны механізм, нібыта ні пры чым. Маюцца на ўвазе кіраўнік Федэрацыі і банкір па сумяшчальніцтве Сяргей Румас ды яго намеснік Сяргей Сафар’ян. Калі Кандрацьеў і Зыгмантовіч былі ў мінулым сапраўднымі футбольнымі зоркамі і маюць безумоўныя заслугі ў спорце, то ў Румаса з гэтым пытанні. У 2000-х ён быў кіраўніком “Белаграпрамбанка”, прафесійна спортам ніколі не займаўся. На пост кіраўніка АБФФ ён прыйшоў падчас свайго віцэ-прэм’ерства. Сафар’ян сапраўды ўмее набіваць мяч нагой. Яго шлях у футбол быў такі: служыў у войсках сувязі, быў дэпутатам райсавета. У ліхія 90-я стаў намеснікам старшыні аднаго з райвыканкамаў. Чыноўнікам яго запрасілі ў аматарскую каманду зборнай бізнэсмэнаў. Працуючы да 2007 года ў банку, Сафар’ян быў звязаны з нацыянальнай зборнай, так бы мовіць, як спонсарскае звяно. Такім чынам ён і трапіў у Федэрацыю ды пачаў вырашаць глабальныя пытанні. Таму меркаванне, што ў Доме футбола сядзяць людзі, якія не да канца разумеюць спецыфіку, прынамсі, мае права на існаванне.
“Ці збіраецеся вы ў адстаўку ўслед за Георгіем Кандрацьевым?” — цікавімся ў Сяргея Сафар’яна.
“Вы прапаноўваеце мне пайсці ў адстаўку?” — абураецца намеснік старшыні АБФФ.
Еўрарадыё: Любая інфармацыя на гэты конт адсутнічае. Нам падалося, што кіраўніцтва Дома футбола можа раздзяліць адказнасць за сітуацыю ў беларускім футболе і на няўдачы ўслед за Кандрацьевым неяк адрэагаваць.
Сяргей Сафар’ян: “Ну, вось па галоўным трэнеру абмяркоўвайце. Калі будзе адстаўка яшчэ некага, вы пра гэта даведаецеся”.
Падобна, што ў Доме футбола ўсё нармальна. Напэўна, там думаюць пра новага трэнера і зноўку будуць чакаць цудаў.