Кантроль над ядзернай зброяй трымае Масква — Расія і Беларусь на Савеце бяспекі

На Савеце бяспекі ААН Расію і Беларусь угаворвалі не пашыраць размяшчэнне ядзернай зброі / pixabay.com
На Савеце бяспекі ААН Расію і Беларусь угаворвалі не пашыраць размяшчэнне ядзернай зброі / pixabay.com

31 сакавіка Савет бяспекі ААН правёў пасяджэнне, прысвечанае заяве Уладзіміра Пуціна пра размяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. У парадку дня гэты пункт быў сфармуляваны як "Пагроза міжнароднаму міру і бяспецы".

Падчас пасяджання прадстаўнік Кітая заявіў, што Пекін стаіць на пазіцыі нераспаўсюду ядзернай зброі, у тым ліку і ў іншых краінах, перадае Радыё "Свабода".

Прадстаўнік Мальты заклікаў беларускія ўлады ўсвядоміць адказнасць за свае дзеянні, калі яны будзе падтрымліваць планы Расіі.

Прадстаўнік Вялікабрытаніі заявіў, што Пуцін, спасылаючыся на пастаўкі адпаведнай зброі ва Украіну, уводзіць у зман: Брытанія перадае Украіне звычайную, а не ядзерную зброю.

Прадстаўнік Расіі заявіў, што ядзерная зброя ў Беларусі будзе пад расійскім кантролем. Яе размяшчэнне ён матываваў неабходнасцю гарантаваць "бяспеку саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі".

Прадстаўнік Японіі заклікаў Расію і Беларусь спыніць усялякія дзеянні, якія павялічваюць напружанасць, а Расію — вывесці войскі з Украіны.

Прадстаўнік Беларусі Валянцін Рыбакоў нагадаў, што Беларусь у 1993 годзе добраахвотна адмовілася ад ядзернай зброі без усялякіх умоваў. А цяпер, нібыта, на Беларусь ідзе беспрэцэдэнтны ціск, што з'яўляецца парушэннем Будапешцкага мемарандуму. Па яго словах, навучанне ў Расіі беларускіх пілотаў і магчымае размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі — гэта рэакцыя на выклікі і рызыкі, перад якімі стаіць Беларусь. Таксама ён паведаміў, што кантроль над тактычнай ядзернай зброяй застанецца ў Расійскай Федэрацыі. 
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі